Гурт Re1ikt прысьвяціў новы кліп ўсім, хто змагаецца

Беларускі progressive rock гурт Re1ikt рыхтуецца да выхаду новага альбома і прэзэнтуе відэакліп на загалоўную кампазыцыю дыска. «Рэкі прабілі лёд» — так называюцца будучы рэліз і відэа, зьнятае гомельскім VJ Medwedsky. Музыкі прысьвячаюць новую працу ўсім тым, хто змагаецца і нягледзячы ні на што пераадольвае цяжкасьці.

Кліп здымаўся ў Гомелі, бо менавіта ў рок-сталіцы Беларусі прайшла значная частка творчага шляху гурта Re1ikt:

«Хоць пачыналі мы ў Сьветлагорску, але менавіта на гомельскім лэйбле упершыню выйшаў наш альбом, у Гомелі мы выпусьцілі DVD „Акустычная тэрапія“. Там жа запісалі наш трэці альбом, які выходзіць на Вігме пры падтрымцы BMA».

Гомельскія музыкі і іншыя дзеячы андэграўнду зь вялікім цяплом і павагай ставяцца да калег, таму пагадзіліся ўдзельнічаць у здымках кліпа «Рэкі прабілі лёд», дзе папераменна выконваюць новую песьню.

На мінулым тыдні музыкі выклалі ў Сеціва ролік, які адлюстроўвае здымачны працэс. За гэты час яго прагледзелі больш за 1 000 разоў!

Аляксандр Дземідзенка, бубнач: «Я вельмі рады, што кліп і кампазыцыя выклікалі такую цікавасьць у слухачоў. Таму што наш новы альбом будзе вельмі прыгожым і мастацкім. Пры стандартным для рок-музыкі наборы інструмэнтаў мы шмат экспэрымэнтавалі, выкарыстоўвалі розныя эфэкты і атрымалі на выхадзе незвычайную музыку».

Дарэчы, нядаўна ў гурта зьявіўся японскі кліп на добра вядомую прыхільнікам «Брудную Дзяўчыну». Незвычайны відэаролік выпусьціла маскоўская S-Studio. Кліп створаны ў стылі AMV (anime music video — аматарскае відэа, змантаванае з фрагмэнтаў анімэ ці японскіх відэагульняў на свабодна абраную аўтарам кампазыцыю) з шэрагам візуальных эфэктаў.

Між іншым, у конкурснай праграме на ўсерасійскім фэстывалі анімэ і мангі «Animau-2011: Sweet vs Punk» ролік на «Брудную Дзяўчыну» заняў 4-е месца.

Аляксандр Дземідзенка зазначае: «Як кажуць адмыслоўцы, — гэта наогул вельмі дзіўна, што amv з рок-песняй (ды яшчэ на беларускай мове) заняў не апошняе месца».

Задаволеныя вынікам і стваральнікі кліпа з маскоўскай S-Studio: «У гэты праект мяне прыцягнула сяброўка зь Менску, і я, не раздумваючы, пагадзіўся. Усё-ткі не часта выпадае такі шанец — папрацаваць асабіста з гуртом. Ну, а потым праект цалкам зваліўся на мяне… Падчас працы я адкрыў для сябе беларускую мову, якую раней чуў толькі ўрыўкамі ў навінах. Гурт зрабіў для мяне выдатную яе прэзэнтацыю. Гэта вельмі незвычайная мова, і як я зразумеў з перакладу песьні, дае шмат свабоды для творчасьці, хоць звычайна самай лёгкай для складаньня тэкстаў лічыцца англійская мова».

Кліпы дасяжныя да спампоўваньня на афіцыйным сайце гурта re1ikt.com.

А паслухаць, якім атрымаўся новы дыск Re1ikt, можна будзе 30 кастрычніка ў рамках канцэртнай прэзэнтацыі альбома «Рэкі прабілі лёд» у менскім клюбе Re: Рublic. У канцэрце возьмуць удзел беларускія гурты «Рокаш» і Partyzone, чые альбомы таксама выйшлі ў гэтым годзе.

18:00, 17/10/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1306 seconds.