Мэмарыяльныя дошкі студэнтам у спальных раёнах Менску
«У гэтым доме з 2010 па 2011 гг здымала кватэру студэнтка БДУ М. А. Фрунзэ» — такая мэмарыяльная дошка цяпер паказваецца ў Галерэі «Ў», а некаторыя ўжо занялі свае месцы на пад’ездах дамоў. Выпускнік акадэміі мастацтваў скульптар Мікалай Бялько спрабуе знайсьці ўласную альтэрнатыву традыцыйным ідэалягізаваным помнікам у Менску.
Гэта ўжо чацьверты праект з шасьці канцэпцый, што прайшлі ў фінал конкурсу абвешчанага галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» і кампаніяй velcom конкурсу Smart Art для маладых мастакоў-пачаткоўцаў.
Аўтар здымкаў: Віка Шчарбакова. Увесь альбом з прэзэнтацыі — у суполцы facebook.
Мікалай Бялько скончыў катэдру скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У сваім праекце «Трансфармацыя» малады мастак аналізуе тую скульптурную спадчыну, якая прысутнічае ў гарадзкім асяродзьдзі Менску. Мастак вывучае скульптурныя традыцыі і іранізуе зь іх. Што такое скульптура ў публічнай прасторы сёньня, як манумэнты ўзаемадзейнічаюць з гараджанамі, як павінны выглядаць сучасныя помнікі? Мастак спрабуе знайсьці ўласную альтэрнатыву ўстояным канонам: напрыклад прапануе прысьвячаць памятныя дошкі простым людзям, вывешваючы іх у спальных раёнах горада.
Мікалай Бялько і куратар конкурсу Сяргей Шабохін
«Доўгі час мастацтва ў гарадзкой прасторы існавала ў выглядзе помніка, элемэнта архітэктурнага дэкору. Гэтыя формы так ці інакш былі падвергнутыя дзяржаўнай ідэалёгіі. Аднак час ідзе, зьявілася шмат новых формаў самавыражэньня. Праўда, чамусьці ў нас у Беларусі працягваюць ставіць помнікі толькі партызанам і гэтак далей», — тлумачыць малады скульптар.
Цяпер прэзэнтацыя праекту «Трансфармацыя» ідзе на невялікай сьцяне ў Галерэі «Ў». Калі па выніку конкурсу пераможа менавіта гэтая ідэя, творца хоча ўпрыгожыць Менск ня толькі мэмарыяльнымі дошкамі звычайным людзям. Так, Мікалай мае задуму зрабіць у Менску аўтарскую варыяцыю «галівудзкай алеі зорак», а таксама паўтарыць фрагмэнты вялікіх скульптур гораду ў лёгкіх матэрыялах, такіх як скотч. Вядома, стэнсілы таксама ў задумцы. А вынік рэалізацыі праекту будзе прадстаўлены ў галерэі ў выглядзе пэрсанальнай выставы ў галоўнай залі ў пачатку 2012 году — таксама ў тым выпадку, калі пераможа менавіта гэтая ідэя.
На працягу году ў межах Smart Art было прадстаўлена ўжо чатыры канцэпты. Так, удзельнікі арт-групы txyz.info паказалі спалучэньне навукі і мастацтва, Раман Аксёнаў на першы плян вылучыў герояў свайго мастацкага экспэрымэнту, а Тацяна Прудзіньнік прэзэнтавала ўласны дзёньнік. Паглядзець на заяўку «Трансфармацыі» можна да 22 кастрычніка 2011 года ў галерэі «Ў». Затым справа за яшчэ дзьвюма новымі мастацкімі задумамі.