БДУ адсьвяткуе 90-годзьдзе малебнамі і ганаровымі дошкамі

Праз 20 дзён Беларускаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту стукне 90 гадоў. Асноўныя ўрачыстасьці з гэтай нагоды пройдуць на наступным тыдні. Яны ўбяруць у сябе пераважна афіцыйныя падзеі, хаця не забыліся арганізатары і на дыскатэку для сваіх выкладчыкаў і студэнтаў.

Як паведамляе прэс-служба БДУ, 18–28 кастрычніка ўнівэрсытэт прымецца за сьвяткаваньне ўласнага 90-годзьдзя. БДУ быў адчынены 30 кастрычніка 1921 году. Аб нейкіх сьвяточных падзеях ў дзень непасрэднага юбілею не паведамляецца, аднак напярэдадні гэтай даты пройдзе нямала афіцыйных мерапрыемстваў.

Распачнецца сьвяткаваньне зь дзён моладзевай навукі ў БДУ, у межах якіх на геаграфічным факультэце, ва ўнутраным дворыку БДУ, адкрыецца выстава навукова-тэхнічных дасягненьняў гэтых самых маладых навукоўцаў.

25 кастрычніка пройдзе малебен у гонар 90-годзьдзя БДУ ў менскім Сьвята-Духавым катэдральным саборы і сустрэча рэктара з заслужанымі вэтэранамі БДУ.

На наступны дзень на гістарычным факультэце ўшануюць першага рэктара БДУ Уладзіміра Пічэта (пры ім на некаторых факультэтах па-беларуску выкладалася болей за 60% дысцыплінаў, быў арыштаваны ў 1930 годзе). На гістфаку зьявіцца яго мэмарыяльная дошка. Гэткім жа чынам, толькі ўжо ў галоўным корпусе ўнівэрсытэту, ушануюць рэктара БДУ у 1957–1972 гадах Антона Сеўчанку.

У наступныя дні будуць праходзіць канцэрты клясычнай музыкі, навуковыя канфэрэнцыі, сустрэчы ў Нацыянальнай бібліятэцы з прадстаўнікамі замежных унівэрсытэтаў.

У якасьці галоўнай падзеі для шэраговых студэнтаў унівэрсытэту анансаванае «мега-dance-шоў «Нам 90!» у Палацы спорту, куды таксама запросяць выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0046 seconds.