Vinsent рухаецца наперад

Канцэрт гурта Vinsent, што праходзіў у самым сэрцы Менску — клюбе «Гудвін», які месьціцца паміж КДБ і ГУМам, — прыцягнуў сталічных віпаў на любы густ: ад чэмпіёну па тайскім боксе Віталя Гуркова да маладых палітыкаў калібру Франака Вячоркі. Гэту кампанію разбаўлялі асобы кшталту драматурга Андрэя Курэйчыка. Выглядае, зусім не выпадкова.

«Жыве Беларусь!!!! З Днём нараджэньня)))», — Міша, адзін з 2 758 сяброў Вінсэнта ў сацыяльнай сетцы Vkontakte ведае, як удала павіншаваць рэпэра зь днём народзінаў. Каб перачытаць усе віншаваньні, якія Зьміцер Вінсэнт атрымаў 3 кастрычніка, вам спатрэбіцца нямала часу. Выглядае, пра сьпевака памятаюць і чакаюць ад яго нечага значнага. Гэтым можна патлумачыць аншлягавы канцэрт у Менску, якім распачаў сэзон рэпэр са сваім аднайменным гуртом.

Нешта падказвае, што ў гэтага выпускніка менскага журфаку ёсьць плян на бліжэйшае дзесяцігодзьдзе, так разважана і пасьпяхова ён робіць кожны крок, што разам ператвараюць Вінсэнта ў міні-карпарацыю. Ён ужо перацягнуў да сябе цэлы гурт Botanic Project (той пры гэтым канешне не распаўся, але дае канцэрты, здаецца, часьцей менавіта як «Vinsent»), займеў адмыслоўцаў, адказных за выпуск кліпаў у прамысловых маштабах (адразу пачак іх быў прэзэнтаваны ў пачатку восені, каб «паказаць новы гук»), і канешне ж клюбы фанатаў і непрыяцеляў. На гэтым фоне шэрагі віпаў на ягоным канцэрце не выглядаюць дзіўнымі.

Затое цяпер Вінсэнт кажа пра свае пляны выключна з выкарыстаньнем займеньніка «мы». «Будзем браць Менск-арэну», — абяцае мне Вінсэнт пасьля канцэрту ў клюбе «Гудвін». 

«Я вельмі хваляваўся за гэты канцэрт, — кажа Зьміцер, — гэта адкрыцьцё сэзону, а адкрываць сэзон заўжды вельмі цяжка. Але ўсё атрымалася, аншляг».

Інтэр’ер клюбу «Гудвін» здаецца ідэальным для канцэртаў Вінсэнта. Партэр узьняўшы рукі ўгару ўнікае ў кожнае слова рэпэра, пры гэтым публіку і гурт падзяляе агароджа, якая робіць са сцэны трыбуну. Палітычныя тэксты Вінсэнта як нельга болей удала кладуцца на гэту ня меней палітычную сцэну, ад чаго жэстыкуляцыя выступоўцы выклікае асацыяцыі з прамовай заўзятага вулічнага спікеру. Моладзь выдатна адчувае гэту ўзьнёслую публічную напружанасьць моманту, дастае бел-чырвона-белыя сьцягі, якія праз хвіліну становяцца здабычай адкормленых ахоўнікаў у чорным. Паважны балькон у гальштуках і пры вялікіх жыватах памяркоўна назірае за дзеяй, часам падпявае. Але ўсю славу і цяжар гуканьня «Жыве Беларусь!» бярэ на сябе партэр.

Звычайны ж наведвальнік выступаў Вінсэнта, зрэшты, як і яго рэпэртуар, увесь час адчувае на сябе зьмены. Пачаўшы некалькі гадоў таму з сольных рэпавых кампазыцый і адпаведнай дзявочай арэнбішнай публікай, якую разбаўлялі дзяўчыны гэткага ж узросту, толькі зь цішоткамі з пагоняй на грудзях, Вінсэнт прайшоў вялікі шлях да рок-гурта. Цяпер хлопцы куды ахвотней ходзяць на Вінсэнта, а дзяўчыны з былой тусоўкі заглядаюць на гэтыя канцэрты хіба што па старой памяці.

Але нават з гуртом Вінсэнт спрабуе захаваць вельмі незвычайны для тутэйшых шыротаў балянс: палову палітычных тэкстаў на палову любоўнай лірыкі, перамяшанай яго нязьменнай (выключна ў музыцы) спадарожніцы Сашай Захарык. Апошняя штовыступ зьдзіўляе сваімі строямі — дзеля іх адных можна хадзіць на канцэрты гэтага гурта.

Менавіта гэта джазавая сьпявачка пакуль мацуе ўсе бліжэйшыя пляны сьпевака:

«Запішам сынгл з Сашай Захарык, і будзем рухацца наперад», — пра «рух наперад» Вінсэнт паўтарае ня раз, хаця і дадае пры гэтым, што «трэба рабіць лепш».

Завяршае сваю праграму Вінсэнт выключна натхняльнымі тэкстамі пра Каліноўскага і (sic!) «скоцтва». Тое самае, што апошнімі тыднямі аздабляе торс Міхалка. Менавіта яго «актуальны» сынгл на верш Янкі Купалы пра тое, што ня варта «быць скотам», гучыць напрыканцы выступу Вінсэнта. Натхнёная рэакцыя залі дэманструе: сацыяльныя сеткі і відэакамэра здольныя рэінкарнаваць любы, нават самы забыты тэкст на адпаведную тэму. Была б толькі нагода.

+ Болей здымкаў з канцэрту і большым памерам: здымкі ад Юры Сідуна і ад Юлі Ваўчок

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3134 seconds.