З ЭГУ да БДУ: Інстытут нямецкіх дасьледаваньняў чарговы раз пераехаў

Інстытут нямецкіх дасьледаваньняў пачаў працу ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Гэта ня першы пераезд Інстытуту, створанага яшчэ ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Цяпер адукацыйная арганізацыя ў першую чаргу будзе лабіраваць інтарэсы БДУ.

З 3 кастрычніка ў БДУ пачаў працу Інстытут нямецкіх дасьледаваньняў. Як гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы ўнівэрсытэту, арганізацыя зоймецца разьвіцьцём акадэмічнай мабільнасьці ў Нямеччыне і краінах Эўразьвязу, распаўсюдам моўных, краіназнаўчых і гістарычных ведаў аб гэтай кране. Але найперш забясьпечыць міжнароднае супрацоўніцтва БДУ зь нямецкімі ВНУ і арганізацыямі ў сфэры адукацыі, навукі і турызму.

Акрамя таго, у Інстытуце будуць займацца ажыцьцяўленьнем міжнародных праектаў у галіне адукацыі і навукі з удзелам арганізацый і фондаў Германіі; стварэньнем нямецкамоўнай бібліятэкі, у тым ліку на лічбавых носьбітах, з доступам у Інтэрнэт.

Цікава, што цяперашні пераезд Інстытуту — далёка ня першы. Створаны ён быў яшчэ ў 1998 годзе ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Да гэтага спрычыніўся і бязьзьменны рэктар гэтай навучальнай установы Анатоль Міхайлаў. Але праз шэсьць гадоў ЭГУ трапіў у апалу, і ён разам зь іншымі кантралюемымі ім установамі быў зачынены. Некаторая іх частка з часам перабралася ў Вільню, іншая — засталася ў Менску.

У сталіцы краіны застаўся і Інстытут нямецкіх дасьледаваньняў, які перасяліўся у адукацыйны цэнтар імя Ёханэса Рау. Там апошнія шэсьць гадоў ён і працаваў пад парасонам Цэнтру міжнародных дасьледаваньняў, арганізацыі, у якую ўваходзілі яшчэ дзьве падобныя ўстановы з французскімі і швэдзкімі інтарэсамі.

Яшчэ да пераезду ў адукацыйны цэнтар імя Ёханэса Рау Інстытут здолеў правесьці даволі пасьпяховую кампанію па ўладкаваньні студэнтаў зачыненага ЭГУ у лепшыя ўнівэрсытэты Нямеччыны. Інстытут сумесна з рознымі фондамі і ўнівэрсытэтамі знайшоў тады стыпэндыі для 68 беларускіх студэнтаў, што атрымалі магчымасьць давучвацца ў Бэрліне і іншых нямецкіх гарадах. Некаторыя давучваюцца і дагэтуль.

Аднак зь нядаўняга часу ў Інстытуту пачаліся фінансавыя праблемы, што, верагодна, і стала галоўнай прычынай неабходнасьці новага пераезду. Так галоўным спонсарам інстытуту стаў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, разьвіцьцём сувязяў якога зь нямецкімі ўстановамі і зоймецца цяпер калісьці вялікая арганізацыя, створаная нежаданым у Беларусі ЭГУ.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0534 seconds.