Фотавыстава ЭГУ ў Нямеччыне

Сёньня ў Франкфурце-на-Одэры, у адным з памяшканьняў Эўрапейскага ўнівэрсытэту Віядрына адкрылася фотавыстава “Мы працягваем”, прысьвечаная гісторыі закрыцьця ўладамі ў Менску Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Выстава адбываецца ў рамках канфэрэнцыі бэрлінскага зьвязу ўсходнеэўрапейскіх экспэртаў “JOE-fixe”. На ёй прадстаўлены некалькі дзесяткаў фотаздымкаў пра апошнія падзеі, зьвязаныя з Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам. Замест подпісаў – загалоўкі артыкулаў дзяржаўнай і незалежнай прэсы. Арганізатары выставы – былыя студэнты ЭГУ, якія цяпер вымушаныя працягваць адукацыю ў нямецкім унівэрсытэце Віядрына, і студэнцкі зьвяз гэтай навучальнай установы “Лагода”, які займаецца беларускай тэматыкай.

Былыя студэнты ЭГУ, што цяпер вучацца ў Франкфурту-на-Одэры цьвердзяць, што ня могуць прымірыцца з тым, што іх унівэрсытэт быў зачынены ўладамі Беларусі і таму хочуць нагадаць пра падзеі лета 2004 года, якія называюць “гуманітарнай катастрофай”. Перад выставай яны даслалі лісты на адрас міністра адукацыі Беларусі Аляксандра Радзькова.

Фотавыстава “Мы працягваем” будзе знаходзіцца ў Віядрыне да 10 лютага. Але яе арганізатары спадзяюцца, што гэта будзе доўгатэрміновы праект і фотаздымкі пабачаць ва ўнівэрсытэтах – Баўгарыі, Нямеччыны, Ірляндыі, Італіі, Расеі, ЗША, Францыі і Чэхіі – дзе на гэты час працягваюць навучаньне былыя студэнты ЭГУ.

www.svaboda.org

00:00, 25/01/2005 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 1.1548 seconds.