Маскевіч трапіў у вір украінскіх скандалаў

Беларускі міністар адукацыі Сяргей Маскевіч трапіў у самую гушчу студэнцкіх пратэстаў у Кіеве, зьвязаных з правядзеньнем там міжнароднай адукацыйнай канфэрэнцыі. Акрамя беларускага міністра адукацыі ўдзел у ёй узялі кіраўнікі профільных міністэрстваў болей за 40 эўрапейскіх краін.

Праца міжнароднага форуму «Сыстэма адукацыі ў Эўропе ў 21 стагодзьдзі» ў Кіеве пачалася са скандалу: студэнтка адной з самых прэстыжных украінскіх навучальных установаў Кіева-Магілянскай акадэміі адлупцавала ненавіснага многім студэнтам міністра адукацыі Дзьмітрыя Табачніка букетам кветак. Той застаўся жывы, але, відаць, моцна пакрыўджаны: мясцовая міліцыя завяла на дзяўчыну справу, цяпер ёй пагражае 15 сутак арышту.

Беларускаму ж міністру адукацыі заставалася толькі абурыцца:

«Я лічу, што такога быць не павінна, калі ласка, зьбірайце подпісы, яшчэ неяк выказваецеся, але выказваць вось такім чынам пратэст, я лічу, гэта проста прыкмета нявыхаванасьці», — заявіў ён у інтэрвію кіеўскаму тэлеканалу.

Сама ж студэнтка, якой яшчэ няма і 18 гадоў, патлумачыла, што тры дні рыхтавалася да бою з «ворагам украінскай культуры» Табачнікам. «Сёньня ўвесь сьвет убачыў ўзровень непавагі да міністра адукацыі. Ім пагарджаюць ўсе, абсалютна ўсе студэнты. Мы неаднаразова патрабавалі адстаўкі гэтага ката ўкраінскага адукацыі. Цяпер пра гэта ведае сьвет», — пракамэнтавала яна падзею для парталу Корреспондент.net.

Але на гэтым украінскія студэнты не супакоіліся. Увесь дзень у Кіеве працягваліся выступленьні студэнтаў. Былі і сутычкі зь міліцыяй, затрыманыя 4 чалавекі. Але галоўнай сваёй мэты — правядзеньне альтэрнатыўнага адукацыйнага форуму, куды паклікалі і беларускіх студэнтаў, яны ўсё ж дамагліся.

Учора ж студэнты Кіева-Магілянскай акадэміі абвясьцілі забастоўку. Галоўнае іх патрабаваньне — адстаўка міністра адукацыі Табачніка. Ці паўплывалі пратэсты ў Кіеве на пляны беларускага міністра Маскевіча сустрэцца са сваім скандальным украінскім калегай, не паведамляецца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0584 seconds.