Мілінкевіч: 90% «каліноўцаў» вяртаюцца ў Беларусь

Былы адзіны кандыдат ад апазыцыі і муж Іны Кулей, якая ўзначальвае фонд «Салідарнасьць», Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што па сканчэньні праграмы Каліноўскага ў Беларусь вяртаюцца болей за 90% маладых людзей, хаця польскія дыплёмы ў нас часьцяком не прызнаюць, а з краіны дагэтуль «зьяжджае вельмі шмат людзей».

«Добры знак, што пасьля праграмы Каліноўскага для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў назад у Беларусь болей за 90% маладых людзей вяртаюцца нават у такія цяжкія ўмовы, хаця часта іх польскія дыплёмы не прызнаюць. Хаця яны, напэўна, болей патрыёты, не касмапаліты», — сказаў Аляксандр Мілінкевіч у інтэрвію «Брэсцкай газэце».


Аляксандр Мілінкевіч

З 2006 па 2010 год на стыпэндыяльную праграму імя К. Каліноўскага дзеля навучаньня ў адным з унівэрсытэтаў Польшчы былі прынятыя 470 чалавек. Скончыць навучаньне цяпер маглі толькі тыя стыпэндыяты, што паступілі ў 2006 ці 2007 гадах. Гэта 315 чалавек. Але ж колькі зь іх працягнулі адукацыю на магістэрскіх праграмах, а колькі сапраўды вырашылі вярнуцца ў Беларусь, Мілінкевіч не сказаў.

Іншы беларускі адукацыйны праект за мяжой, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, ня можа пахваліцца падобнымі вынікамі: па словах прарэктара ЭГУ Ірэны Вайшвілайте, толькі кожны другі выпускнік бакаляўрыяту вяртаецца ў Беларусь

Зь Беларусі зьяжджае лявіна

Паводле словаў былога кандыдата ў прэзыдэнты, цяпер, «нягледзячы на ўсе візавыя перашкоды, зьяжджае вельмі шмат людзей зь Беларусі, проста лявіна. Мае знаёмыя праз аднаго дзеляцца: «Такая радасьць, сын (дачка) ўладкаваліся за мяжой».

Аднак Мілінкевіч усё роўна лічыць Беларусь добрай пляцоўкай для самарэалізацыі:

«На Захадзе ўсе нішы занятыя, а тут шанцы будуць. Я размаўляў з сур’ёзнымі людзьмі, выхадцамі зь Беларусі, якія цяпер кіруюць банкамі альбо зьяўляюцца мэнэджарамі вышэйшага зьвяна. Яны кажуць, што ім было б цікава вярнуцца і паспрабаваць рэфармаваць краіну, быць у лявіне ідэй. Ня ведаю, ці вернуцца яны, як дойдзе да справы, але намер ёсьць».

Але зь іншага боку гіганцкія адсоткі тых, хто ўвогуле ніколі ні ў Эўразьвязе ня быў, ні зь яго грамадзянамі ніколі не размаўляў.

«Каля 70% беларусаў ніколі не былі ў Эўразьвязе, а прыкладна 55% ніколі не размаўлялі з эўрапейцам, у вочы іх ня бачылі. І калі ў нас 52% насельніцтва хочуць у Эўразьвяз хоць заўтра, то гэта фантастычная лічба, ня кожная краіна ў ЭЗ мела такое жаданьне», — дадаў Мілінкевіч.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0561 seconds.