«За хвіліну да выбуху»: у Сеціве новы міні-альбом Naka


Спампаваць міні-альбом у вольным доступе можна на сайце гурта

У міні-альбом гурта ўвайшлі тры кампазыцыі: два беларускамоўных дуэты — «У баі» з Зьмітром Вайцюшкевічам, «Пагоня» зь Янам Маўзэрам — і загалоўная песьня — «За минуту до взрыва» — на рускай мове. Тэкст да апошняй салістка і лідэр калектыву Насьця Шпакоўская напісала літаральна на працягу тыдня пасьля падзей, якія адбыліся ў Менску ў той чорны панядзелак, калі адбыўся выбух у мэтро.

«Разглядаўся таксама варыянт магчымага супрацоўніцтва, — удакладняе Насьця. — Каб хто-небудзь з нашых калегаў, сяброў напісаў музыку на мой тэкст».

Аднак мэлёдыя ўсё-ткі прыйшла да лідэра калектыву — і ідэя трэцяга — на гэты раз кампазытарскай дуэту — не ажыцьцявілася.

«Што я хачу сказаць гэтым альбомам? Камэнтаваць сваю творчасьць зусім ня хочацца, — адказвае рок-князёўна. — І мне здаецца, што ў кантэксьце дадзенай тэмы камэнтары тым больш не дарэчныя. Усё, што я хацела сказаць людзям — якраз і выказала ў сваіх песьнях».

«За хвіліну да выбуху» — такую назву было вырашана даць міні-альбому, падагульніўшы ягоны настрой.

На пытаньне, чаму ў апошні час Naka выбірае практыку міні-альбомаў, якія бясплатна выкладваюцца ў Інтэрнэт (нагадаем, што гэта ўжо другі міні-альбом гурта за гэты год), лідэр калектыву адказала, што ёй падаецца важным, каб людзі маглі слухаць актуальную музыку.

«Музыку, якая нараджаецца на пэўныя падзеі і якая спрабуе данесьці да людзей пасланьне, неабходнае для кагосьці ў дадзеную хвіліну, — удакладняе яна. — Тыя падзеі, што здарыліся, што адбываюцца ў дадзены момант, выклікаюць у нас пэўную рэакцыю — і важна адчуць, што ты не самотны ў сваіх эмоцыях, водгуку».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0588 seconds.