«Уваход праз дызайн»: выстава альтэрнатыўнага плякату і вялікі гаражны распродаж

Студыя дызайну «Адліга» пакажа і падзеліцца нажытым за шчасьлівыя гады дызайну. У Менску пройдзе шырокафарматны паказ альтэрнатыўнага беларускага плякату і вялікі гаражны распродаж дызайнэрскіх аб’ектаў і сувэніраў «Уваход праз дызайн».

«Усё-ткі, Адліга — гэта не бізнэс. Мы можам сабе дазволіць жыць і тварыць у задавальненьне. Таму глядзець нашы працы радасна і ненапружна. Пакажам створанае за апошнія пару гадоў: уласныя праекты і заказны дызайн для беларускай культуры, прамысловы і прынт-дызайн. Альтэрнатыўны беларускі сацыяльны дызайн існуе. Пераканайцеся і ўсьміхніцеся», — кажа Артур Вакараў, мастацкі кіраўнік студыі.

На выставе будзе прадстаўлена поўная рэтраспэктыва творчасьці за апошнія пару гадоў у выглядзе плякатаў і аб’ектаў, плюс:

  • Упершыню ўвесь «патрыятычныя вандалізм» у вялікіх рэпрадукцыях;
  • Адразу дзьве абсалютна новыя, рэвалюцыйныя і вельмі кранальныя калекцыі дызайнэрскіх авосек;
  • Поўная вэрсія праекта пра лепшых дызайнэраў калгасу.


Калдырскія торбачкі «Алкашкі» атрыманыя хітрым шляхам акуратнай і карпатлівай сшыўкі 2-х экзэмпляраў аўтэнтычных 100% баваўняных маек-алкашак. Фота Аляксея Літвіненкі, мадэль Кацярына Духан.

Адкрыцьцё прызначанае на 19.00, 23 верасьня. Уваход праз гаўбец, вольны. На адкрыцьці з цудоўнай электроннай музыкай выступіць Vjik72 (Сяргей Бэзэнсон) і абавязкова адбудзецца розыгрыш вандалістычных прызоў. 1 кастрычніка пасьля абеду — шумная барахолка зорных сяброў студыі. Закрыцьцё выставы (19.00, 6 кастрычніка) пройдзе пад магічныя гукі ад чалавека-тэрмэнвокса B-twisted’a (Арцём Атрашэўскі).

Студыя «Адліга» была заснаваная ў 1998 годзе і да 2010 года функцыянавала як рэклямнае агенцтва зь ярка выяўленым творчым ухілам. У гэтым напрамку дамагліся прызнаньня і вядомасьці, неаднаразова перамагаючы на прэстыжных фэстывалях рэклямы і прынт-дызайну. З пачатку 2010 года займаецца распрацоўкай і вытворчасьцю аўтарскіх дызайнэрскіх калекцый. Зьяўляецца заснавальнікам інтэрнэт-крамы дызайнаў «Аaa! Ооо!».

Выстава будзе дасяжная ў студыі з 23 верасьня па 7 кастрычніка па адрасе
пр-т Незалежнасьці 37а.

17:00, 13/09/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0698 seconds.