ЕГУ абвяшчае конкурс плаката на тэму «Чужая вайна: Беларусь у Першай сусветнай вайне»

У 2014 годзе спаўняецца 100 гадоў ад пачатку Першай сусветнай вайны. Конкурс закліканы прыцягнуць да гэтага сумнага юбілею ўвагу дызайнераў – як студэнтаў, так і прафесіяналаў – каб праз плакат зразумець, навошта патрэбна захоўваць памяць пра гэтую вайну.


Выява з калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

На конкурсных плакатах дызайнерам прапануецца адлюстраваць значэнне Першай сусветнай вайны для жыхароў Беларусі, Літвы і іншых сумежных тэрыторый.

На думку беларускага гісторыка Антона Астаповіча, Першая сусветная вайна істотным чынам паўплывала на Беларусь і яе жыхароў, але, нягледзячы на гэта, у публічнай прасторы тэмы, звязаныя з гэтай вайной, уздымаюцца рэдка:

«Шмат хто прытрымліваецца стэрэатыпу, што Першая сусветная — гэта не нашая, а чужая вайна, якая адбывалася на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым цалкам забываюцца пра тое, што і беларусы прымалі ўдзел у гэтай вайне, што гэтая вайна моцна паўплывала на жыццё насельніцтва Беларусі — узяць масавую эвакуацыю і нават тое, што сучасную незалежнасць мы маем дзякуючы гэтым падзеям».

У межах конкурсу плануецца правесці шэраг майстар-класаў.

Ацэньваць працы будзе міжнароднае журы конкурсу. Прызавы фонд складае $1000 ($500 — пераможцу, $300 — за другое месца, $200 — за трэцяе месца). Па выніках конкурсу плануецца зладзіць у Мінску і Вільні выставу плакатаў, якія ўвайшлі ў шорт-ліст.

Працы прымаюцца да 15 чэрвеня на адрас BelarusWWI @ ehu.lt.

Фармат падачы працаў:

  • эл. версія плаката памерам 25 см па большым баку, 72 dpi, JPG, колеравая мадэль RGB
  • эл. версія плаката памерам 60х80см з разрозненнем 300 dpi, колеравая мадэль: апцыянальна.

Аўтары, якіх адзначыў Адборачны камітэт, атрымаюць пра гэта паведамленні па электроннай пошце пасля 15 чэрвеня. Далей друкаваныя асобнікі працаў, што прайшлі папярэдні адбор, трэба будзе даслаць поштай на адрас, які будзе паведамлены ў лісце. Працы, пададзеныя на конкурс, не вяртаюцца аўтарам, робяцца ўласнасцю конкурсу і могуць без паведамлення аўтарам публікавацца і экспанавацца з мэтай прамоцыі конкурсу і графічнага дызайну.

12:00, 20/05/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0566 seconds.