Кшыштаф Занусі: «Хто зачыніў свае межы, той заўжды замаруджвае разьвіцьцё»

Польшча зрабіла Менск сваёй культурнай сталіцай. Праўда, адной зь дзесяці па ўсім сьвеце і толькі на чатыры месяцы: у межах міжнароднай культурнай праграмы польскага старшынства ў Эўрапейскім Зьвязе Польшча абвясьціла аб старце дзесятку вялікіх праектаў у Менску. Прадставіў праграму знакаміты польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі, мімаходам патлумачыўшы, хто будзе глядзець беларускія фільмы пра партызанаў і што ў сьвеце ведаюць аб беларускай культуры.

Польшча ўпершыню ў гісторыі бярэ на сябе абавязак старшынства ў Эўразьвязе. Гэта падзея настолькі значная для палякаў, што яны вырашылі далучыць да яе нацыі па ўсім сьвеце. Прынамсі, праз уласную культуру, прэзэнтаваўшы яе дасягненьні ў дзесяці сусьветных сталіцах. Трапіў у іх лік і Менск, а таксама Кіеў, Масква, Пэкін, Токіа, Парыж, Бэрлін, Лёндан і Мадрыд. Агулам 400 мерапрыемстваў, прыкладна дзесятая доля якіх прыйдзецца на Беларусь.

Менчукоў чакае шмат заўважных імпрэзаў: сымфанічныя і рок-канцэрты, літаратурныя імпрэзы, выставы сучаснага мастацтва і дызайну, моды, спэктаклі і канешне ж польскае кіно. Апошняе адмыслова на дзень перад вандроўкай у Італію прыехаў прадставіць «амбасадар польскай культуры ў сьвеце» Кшыштаф Занусі.

«Мы разам належым да нашай агульнай эўраанталянтычнай цывілізацыі: ад Ванкувэра да Ўладзівастоку, — заявіў Занусі ў час прэзэнтацыі польскай праграмы старшынства ў Нацыянальным мастацкім музэі. — Дзякуючы глябалізацыі, якую варта лічыць вялікім шчасьцем для нас усіх, мы бачым, як зьнікае ў сьвеце голад, як нават неразьвітыя краіны разьвіваюцца. Але глябалізацыя мае для нас небясьпечныя бакі: культуры губляюць сваю ідэнтычнасьць».

«Культуры ўвесь час супернічаюць: некаторыя падымаюцца, некаторыя падаюць. Гэта пастаянны конкурс, і нават у Эўропе ў нас увесь час ідзе гэтае суперніцтва», — заявіў аўтар некалькіх дзесяткаў карцін, што ня раз станавіліся прызёрамі міжнародных кінафэстываляў.

Калі кіно па-расейску, значыць яно расейскае, а не беларускае

«Хто зачыніў свае межы, той заўжды замаруджвае разьвіцьцё, — падкрэсьлівае Занусі. — А суперніцтва дае імпульс для разьвіцьця». Рэжысёр асабліва засяроджваецца на пытаньні суперніцтва культур, адзначаючы, што любы, хто дазволіць сабе расслабіцца, у тым ліку і нацыя, можа пацярпець у гэтым спаборніцтве паразу. Таму сам Занусі сабе расслабляцца не дазваляе і ад іншых патрабуе таго ж.

«Мы б хацелі паказаць нашыя дасягненьні, але хацелі пабачыць і вашыя, — кажа Занусі. — Я мала ведаю аб беларускай культуры, бо вы мала прадстаўляеце свае дасягненьні за мяжой. На жаль, я амаль ня бачу вашых фільмаў. Тое, што я бачу, на расейскай мове, таму мы гэта лічым расейскім кіно, нават калі зьнятае на „Беларусьфільме“. А партызанскія гісторыі ўжо ніхто ня будзе глядзець».

Па яго словах, беларускае кіно ў любым выпадку ня стане камэрцыйна пасьпяховым, бо беларусаў надта мала. Але важна, каб кіно «размаўляла на сваёй роднай мовай, сваімі роднымі акторамі і паказвала характары тыпова беларускія, адрозныя, ад палякаў, літоўцаў і расейцаў. Тады гэта будзе сапраўдным беларускім кіно і я пайду яго паглядзець зь цікаўнасьцю».

Беларусь і Польшча разам могуць прэзэнтаваць радзівілаўскую спадчыну

Іншае меркаваньне адносна прадстаўленасьці беларускай культуры за мяжой мае былы супрацоўнік беларускай амбасады ў Польшчы, намесьнік міністра культуры Паўла Латушкі Тадэвуш Стружэцкі:

«Магу засьведчыць, штогод шмат беларускіх мерапрыемстваў праводзілася ў Польшчы, — заявіў Стружэцкі на прадстаўленьні польскай культурнай праграмы. — Цяпер мы вяртаемся да даўняй прапановы правесьці сумесную выставу, дзе б была прадстаўленая радзівілаўская спадчына. Выстава, якая б упершыню магла аб’яднаць разрозьненую калекцыю Радзівілаў».

Што яшчэ пакажуць палякі гэтай восеньню ў Менску

Прэзэнтацыя аўдыёкнігі Чэслава Мілаша на беларускай мове ў перакладзе Андрэя Хадановіча. Сёлета сьвяткуюць стогадовы юбілей Мілаша. Прэзэнтацыя адбудзецца ўжо заўтра ў Акадэміі музыкі на фэстывалі «Вялікае сьвята паэзіі» ў 18:30.

Творчая майстэрня па сучасным рамястве I, CULTURE Puzzle.

«Мы запрасілі звыш за 240 валянтэраў з 10 сталіц. І ў кожным горадзе адбываюцца воркшопы сучаснага рамяства, — кажа мэнэджэр культурных праектаў інстытут Адама Міцкевіча Вольга Высоцкая. — Падчас майстэрняў, што адбудуцца з 15 па 18 верасьня ў Галерэі «Ў», паўстануць пытаньні: што такое сучаснае рамяство, што такое прафэсія краўцы, шаўца». Па выніках воркшопаў пройдзе нават выстава хэнд-мэйд вырабаў удзельнікаў. (можна далучацца!)

7 сучасных польскіх спэктакляў, што мелі найбольшы посьпех у сьвеце. Пазнаёміцца з адной з самых дынамічных і папулярных тэатральных культур Эўропы можна будзе падчас Міжнароднага форума тэатральнага мастацтва «Тэатар», які пройдзе ў Менску з 7 па 26 кастрычніка. Палякі абяцаюць прывезьці да нас самае лепшага зь існага.

Міжнародны фэстываль графічнага дызайну DIALOGUE DESIGN, які цягам месяцу з 9 верасьня будзе праходзіць на розных пляцоўках Менску. Фэстываль — магчымасьць прэзэнтаваць працы выбітных дызайнэраў Польшчы і Беларусі і параўнаць графічнае мастацтва дзьвюх краін. У час фэсту пройдзе нямала сэмінараў па прыкладных аспэктах дызайну.

Польскае кiно на Менскім міжнародным кінафэстывалі «Лістапад». Праграму фэсту яшчэ не абвяшчаюць, але кінастужак будзе дастаткова, у тым ліку найбольш вядомых.

Канцэрт найбольш вядома і папулярнага ў Польшчы гурта Zakopower. Гурт спалучае самыя розныя стылі: ад фольку да року. Апошні альбом стаў плятынавым. Канцэрт адбудзецца ў лістападзе.

Авангардны пэрфоманс «Плянэта Лем». Яго ў Менск прывязе тэатар Biuro Podróży. Спэктакль на тэму твораў знакамітага фантаста пакажуць 11 лiстапада ў Палацы спорту.

У Нацыянальным мастацкім музэі адбудзецца выстава «мастака памежжа» Фердынанда Рушыца, якога лічаць сваім і беларусы, і літоўцы, і палякі. Раней яго карціны беларусы маглі бачыць толькі ў Вільні.


А таксама шматлікія сымфанічныя, джазавыя канцэрты, выставы і іншыя імпрэзы.
Падрабязная інфармацыя па польскаму культурнаму старшынству ў ЭЗ даступная на адмысловай старонцы www.culture.pl.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0592 seconds.