«Без Білета» прадставяць новы альбом «Зорка» ў Палацы спорту

«Без Білета» агучылі дэталі новага альбому — пятага студыйнага рэлізу гурта. Дыск з назовам «Зорка» выйдзе ў сьвет у кастрычніку. Прэзэнтацыя рэтра-футурыстычнага стварэньня гурта прызначаная на 19 лістапада ў менскім Палацы спорту. Канцэрт пройдзе ў Дзень Безьбілетніка 2011 і стане найбуйнейшым сольным выступам у гісторыі каманды.

«Альбом „Зорка“ працяты духам міжгаляктычных экспэдыцый і падарожжаў у часе, — распавядае лідэр „Без Білета“ Віталь Артыст. — Ён зь мінулага і будучыні адначасова і валодае магутным аб’яднальным дзеяньнем. Таму ў Дня Безьбілетніка ў гэтым годзе ёсьць глябальная задача сусьветнага маштабу. Канцэртам-прэзэнтацыяй „Зоркі“ мы маем намер адмяніць канец сьвету, які прадракаюць ў 2012 годзе. Будзем скалынаць сьцены Палацу спорту і адварочваць ад Зямлі беды, якія зьбіраліся на нас зваліцца. Чым больш нас будзе, тым вышэй верагоднасьць, што ўсё атрымаецца. І чалавецтва потым будзе ведаць, каму дзякаваць».

Прыдуманае гуртом сьвята Дзень Безьбілетніка адзначаецца ўжо ў восьмы раз. Сьвяткаваць яго можа любы жадаючы незалежна ад полу, узросту, нацыянальнай прыналежнасьці і месца жыхарства. Чакаецца, што на канцэрт 19 лістапада зьедуцца прыхільнікі «Без Білета» з усёй Беларусі, а таксама фаны зь іншых краін. У прыватнасьці, зь Літвы, Украіны, а таксама Расіі, дзе ў гарачай ратацыі «Нашага радыё» ужо тры месяцы знаходзіцца першы гіт з альбому «Зорка» — кампазыцыя «Всё сразу!».

11:00, 07/09/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0585 seconds.