Менск як адна з 10 сталіцаў міжнароднага праекту «I,Culture»
У 2011 годзе Польшча старшынюе ў Эўразьвязе. З гэтай нагоды распачаўся ўнікальны й цікавы праект I,Culture, у межах якога праходзіць шмат самых разнастайных культурных падзей. Праект уключае ў сябе больш за 400 мерапрыемстваў у 10 сталіцах сьвету, сярод якіх — Лёндан, Бэрлін, Мадрыд, Токіо, Брусэль і… Менск!
У верасьні праект дасягне і нашай сталіцы. Менчукі змогуць убачыць унікальны спэктакль-пэрфоманс па творах Станіслава Лема «Планета Лем», прыняць удзел у фэшн / хэнд-мэйд праекце I, Culture Puzzle, пабываць на прэзэнтацыі аўдыёкнігі вершаў Чэслава Мілаша, спэцыяльна перакладзеных на беларускую мову, паслухаць канцэрт Караля Шыманоўскага, паглядзець фільмы пра польскую культуру, музыку і фэшн-індустрыю, і гэтак далей, і гэтак далей…
Караль Шыманоўскі
Караль Шыманоўскі, польскі кампазытар, якога называюць «другім пасьля Фрэдэрыка Шапэна».
Яго творы становяцца ўсё больш папулярнымі сярод вядомых музыкаў і опэрных рэжысёраў, у ліку якіх — Валерый Гергіеў, Дэвід Паунтні, Марыюш Трылінскі, а опэра Шыманоўскага «Кароль Рогер» лічыцца адной з самых важных опэр пачатку 20 стагодзьдзя.
Станіслаў Лем
Станіслаў Лем — польскі пісьменьнік, творы якога перакладаюць найчасьцей, летуценьнік і вяшчун, які «прадказаў» сучасную цывілізацыю.
Газета The New York Times назвала яго «Іяганам Сэбасцьянам Бахам літаратуры 20-га стагодзьдзя». Яго раманы натхнілі на стварэньне шэдэўраў клясыкаў сусьветнага кіно: Андрэя Таркоўскага, Стывэна Содэрбэрга («Салярыс») і Ары Фольмана («Футуралагічны кангрэс»).
У межах Праграмы тэатар Biuro Podróży («Бюро Падарожжаў») прадставіць авангардны пэрфоманс «Плянэта Лема», заснаваны на творах пісьменьніка.
Чэслаў Мілаш
Чэслаў Мілаш — адзін з чатырох польскіх ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі па літаратуры. Сымбалічна, што год старшынства Польшчы ў Савеце Эўропы супаў з 100-гадовым юбілеем з дня нараджэньня пісьменьніка.
Беларусам будзе прэзэнтаваная аўдыёкніга паэзіі Мілаша ў перакладзе на беларускую мову. Усяго ў сьвеце зьявіцца некалькі такіх кніг, перакладзеных на нацыянальныя мовы краін-удзельніц Праграмы і начытаных вядомымі дзеячамі культуры.
«Дапаможнік-гід па паляках»
Сэрыя дакумэнтальных фільмаў, што займальна і іранічна распавядае пра сучасную Польшчу і палякаў. Фільмы прысьвечаныя рок-музыцы, модзе, гульням і цацкам, альпінізму і сэксуальным звычаям. Адна стужка зьнятая Бартэкам Канопкам, намінантам на прэмію Оскар.
I, CULTURE Puzzle
Праект, што аб’яднае краіны-ўдзельніцы Праграмы. У кожнай сталіцы будзе арганізаваны варкшоп, на якім пад кіраўніцтвам польскага дызайнэра Монікі Якубяк ўручную будзе сшыты фрагмэнт пазла — за кожнай краінай «замацаваны» асобны элемэнт.
Пасьля фрагмэнты злучаць у палатно «I,CULTURE». За кожным этапам праекта можна сачыць он-лайн.
У межах праекта створана адмысловая старонка ў Facebook.
Сачыце за навінамі: праект мае на мэце запрашаць да ўдзелу дызайнэраў і валанцёраў.