Фольк-фэст «Камяніца» адкрыюць «Стары Ольса» і «Госьціца»

Арганізатары фольк-фэста «Камяніца», хэдлайнэрамі якога сёлета будуць «Троіца», Osimira і Алег Скрыпка («Воплі Відаплясава»), абвесьцілі імёны астатніх удзельнікаў мерапрыемства.

Гэтым разам фэст пачнецца раней, чым звычайна – у 13 гадзін. Прычым спазьняцца нельга, бо адкрываць яго будуць мэтры – гурты «Госьціца» і «Стары Ольса». Пасьля гэтага гледачоў чакае прэм’ера новага фольк-рок праекта Машы Яр і іншых вядомых музыкаў, які атрымаў назву «Хоха Бэнд». А перад хэдлайнэрамі будуць выступаць гурт «Ветах» і дуэт «Аляксандра і Канстанцін».

«У гэтым годзе мы намагаліся забясьпечыць не толькі разнастайную, але і моцную музычную праграму ад самага пачатку фэста. Ідэя ў тым, каб людзі прыяжджалі ў музэй на ўвесь дзень, бо будзе што паслухаць, на што паглядзець і чым заняцца – мы рыхтуем шмат цікавых сюрпрызаў», – распавёў каардынатар фэста Сяргей Чагрынец.

Трэці штогадовы фольк-фэст «Камяніца» адбудзецца 3 верасьня ў Музэі народнай архітэктуры і побыту пад Менскам (4 км за аўтарынак «Малінаўка»), на тэрыторыі якога знаходзіцца ўнікальная калекцыя аўтэнтычнай беларускай драўлянай архітэктуры 18-20 стагодзьдзяў.

Мэта мерапрыемства – прапаганда беларускай культуры і дапамога музэю. Усе грошы за ўваход ідуць на рахункі гэтай ўстановы, дапамагаючы захоўваць экспанаты. Уваход будзе адбывацца па квітках музэю, якія каштуюць 10 тыс. руб. Наведнікі будуць мець магчымасьць ня толькі паслухаць музыку, але й паглядзець усю экспазыцыю. Папярэдні продаж квіткоў у касах музэю. Даведка: (029) 670 13 30.

12:30, 23/08/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.