Уладальніку турфірмы, што падмануў 120 студэнтаў, пагражае 10 гадоў турмы

Дырэктара турагенцыі, што займалася адпраўкай моладзі на летнюю працу ў ЗША, вінавацяць у зьнікненьні 52 мільёнаў студэнцкіх рублёў. У справу, распачатую ў чэрвені, дадаліся заявы яшчэ 20 чалавек. Такім чынам агульная колькасьць пацярпелых складае 120 чалавек.


Беларускія студэнты, у якіх усё ж атрымалася дабрацца да ЗША. Фота з групы агенцыі Эві Груп у Vkontakte

Фірма Эві Груп, якая ладзіла працаўладкаваньне студэнтаў за мяжой, 6 гадоў працавала без якіх-небудзь нараканьняў з боку кліентаў. Аднак перад меркаваным ад’ездам у ЗША па праграме Work and Trave студэнты даведаліся, што паездка не адбудзецца з-за зьнікненьня дырэктара агенцыі з буйной сумай грошай.

33-гадовы дырэктар агенцыі Эві Груп Ігар Хацько ў пачатку чэрвеня 2011 году ў самы разгар падрыхтоўкі да ад’езду беларускіх студэнтаў па праграме Work and Travel, па словах удзельнікаў адпаведнай групы Vkontakte, «забраў усе грошы і змыўся ў невядомым накірунку».

Студэнты заплацілі каля $580 за праграму, аднак тыя, хто амэрыканскую візу не атрымаў, вярнуць свае грошы альбо ня здолелі, альбо атрымалі толькі палову з тых сродкаў, на якія разьлічвалі паводле кантракту.

З часам дырэктар турагенцыі знайшоўся ў міліцыі, дзе яму прад’явілі абвінавачаньне ў махлярстве. Студэнты пачалі шукаць адваката, аднак пракуратура сама ўзялася за абарону іх правоў. Высьветлілася, што некалькі студэнтаў засталіся падманутымі яшчэ з 2010 году, але ў міліцыю да часу затрыманьня Хацько яны чамусьці не зьвярталіся.

Як піша БелТА, цяпер Ігару Хацько пагражае да 10 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці. У міліцыі сьцьвярджаюць, што праблемы дырэктара зьвязаныя з яго любоўю да азартных гульняў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.068 seconds.