Міністэрства адукацыі: "Бескантрольны доступ у інтэрнэт перашкаджае ідэалягічнай і выхаваўчай працы"
Намесьнік міністра адукацыі Беларусі Тацяна Кавалёва на апошняй калегіі Міністэрства адукацыі мінулага году выказала сваю занепакоеннасьць, тым што моладзь практычна не чытае дзяржаўных агульнапалітычных газэтаў і пэрыёдыкі, а карыстаецца для атрыманьня інфармацыі толькі вузка-прафэсійнымі выданьнямі і інтэрнэтам, паведамляе газэта "Рэспубліка".
На погляд Т. Кавалёвай, бескантрольны доступ да інтэрнэта яўна ня ідзе на карысьць выхаваўчай і ідэалягічнай працы. Калі ў ВНУ можна кантраляваць камунікацыі студэнтаў у Сусьветным павуціньні, то ў інтэрнатах, дзе інтэрнэт праводзілі камэрцыйныя структуры, зрабіць гэта дастаткова складана. Таму, на думку намесьніка міністра, правільней было б замяніць камэрсантаў на дзяржаўных адукацыйных правайдэраў.