Лукашэнка прызнаў, што студэнты вучаць непатрэбныя прадметы

Лукашэнка чарговы раз выказаўся за зьмяншэньне тэрмінаў навучаньня ў беларускіх ВНУ, паабяцаў адправіць выпускнікоў на вытворчасьць ужо на пятым курсе і прызнаў, што ва ўнівэрсытэце вучаць шмат чаго не патрэбнага.

«Прыкладна на траціну мы навучаем студэнтаў таму, што потым абсалютна не спатрэбіцца ў жыцьці, — заявіў Лукашэнка на сустрэчы зь міністрам адукацыі Маскевічам. — І мы ведаем, тут хаваць няма чаго: у ВНУ многія студэнты асобныя прадметы амаль не вывучаюць ці толькі для таго, каб здаць залік або іспыт, паколькі гэта ім у будучыні не спатрэбіцца».


Міністар адукацыі Маскевіч (зьлева) прынёс Лукашэнку ноўтбук, што будуць даваць дзецям у школе. Ён сьцьвярджае, што кампутар «сабраны на адным зь беларускіх прадпрыемстваў». Фрагмэнт відэа СТВ

«Праграмы старыя, не арыентаваныя на цяперашняе разьвіцьцё сельгасвытворчасьці», — дадаў Лукашэнка, камэнтуючы сваю нядаўнюю вандроўку ў Горацкую акадэмію.

Таксама Лукашэнка «настаяў» на тым, каб зьменшыць тэрміны навучаньня студэнтаў ВНУ. Аб гэтым ён ужо казаў у час наведваньня Горак. Тады ж ён заявіў, што ў апошні год навучаньня студэнты так ці інакш «мусяць быць на палях».

Гледзячы па ўсім, галоўныя турботы ў сувязі з даўжынёю навучаньня ва ўнівэрсытэтах у Лукашэнкі зьвязаныя з бюджэтнымі праблемамі. Яго турбуе, што многія выпускнікі ВНУ сельскай гаспадаркі ідуць працаваць па розных іншых напрамках — ад міліцыі да прамысловасьці. «Навошта тады было павелічэньне прыёму абітурыентаў? — пытае ён. Што, грошы няма куды дзяваць?»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0624 seconds.