Распаўсюдніку беларускіх кніг пагражае да трох гадоў турмы

На гэтым тыдні распачнецца суд над заснавальнікам службы «Кнігі-поштай» Алесем Яўдахам. Яго вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Алесь займаецца распаўсюдам беларускамоўнай літаратуры празь Інтэрнэт.

Як перадае Эўрапейскае радыё для Беларусі, 28 ліпеня ў Кастрычніцкім раённым судзе Менска, а 10-й гадзіне пачнецца суд над Алесем Яўдахам — заснавальнікам службы «Кнігі — поштай», што знаходзіцца па адрэсе knihi.net.

Распаўсюдніка беларускіх кніг і аўдыёдыскаў вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Максымальнае пакараньне па гэтым абвінавачаньні — да трох гадоў пазбаўленьня волі. Зрэшты, можа абысьціся і штрафам.

Камітэт дзяржкантролю распачаў справу на Яўдаху ў траўні 2010 году. Сьледчыя выклікалі кліентаў сэрвісу «Кнігі — поштай» і распытвалі, навошта яны пералічвалі грошы распаўсюдніку кніг.

Сам Яўдаха, які, як піша «Наша Ніва», даведаўся пра справу празь СМІ, кажа, што ў лютым 2010 года супрацоўнікі Міністэрства па падатках і зборах зрабілі ў яго кантрольны закуп — замовілі некалькі дзесяткаў кніг «Маладафронтаўцы». Пасьля гэтага ў службы «Кнігі — поштай» пачаліся праблемы.

Яўдаха падкрэсьлівае, што палітычнай дзейнасьцю ніколі не займаўся. І бізнэсам свой занятак ён ня лічыць: «Гэта была справа для душы. Я даваў людзям магчымасьць набыць сучасную беларускамоўную літаратуру і музыку праз пошту. Найперш гэта людзі з рэгіёнаў».

Замоўленую на інтэрнэт-сайце «Кнігі — поштай» прадукцыю кліенты аплачвалі праз пошту накладзеным плацяжом. Тут можна было замовіць творы айчыннай і замежнай літаратуры, навуковыя кнігі і публіцыстыку, фільмы і іншыя рэчы, найперш на беларускай мове.

Цяпер старонка «Кнігі — поштай» не абнаўляецца, аднак дзейнічае афіцыйная ліцэнзаваная інтэрнэт-крама knihi.by, уладальнікам якой зьяўляецца Яўдаха.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0759 seconds.