«У нескладовае» прэзэнтуе новы сынгл у Маскве

Гурт «У нескладовае» выклаў для спампоўкі інтэрнэт-сынгл «Станцыя», адзін з трэкаў якога быў запісаны з удзелам гурта «Братья Грим». 5 жніўня адбудзецца канцэртная прэзентацыя дыска ў Маскве, а ўжо ў гэтую суботу «У нескладовае» прадставіць яго ў межах «Канцэрта на траве 2» на знакамітым хутары Шаблі пад Валожынам.

Песьню «Станцыя» напісаў адзін зь лідараў «У нескладовага» Раман Арлоў. У выніковы сынгл трапіла тры вэрсіі кампазыцыі, запісаных з рознымі вакалістамі. Апрача Косьці Грым яе выканалі Яўген Чалышаў («Харлі»), а таксама экс-лідар менскага гурта Why Not Андрэй Краўчанка, які зараз жыве ў ЗША.

«Спэцыфіка нашага праекта абумоўлівае тое, што вакалісты ўвесь час мяняюцца песнямі. У дадзеным выпадку было цікава атрымаць рознае прачытаньне песьні, пабачыць, што кожны вакаліст можа дадаць у яе ад сябе і той краіны, у якой жыве – Беларусі, Расеі і ЗША», – распавёў Раман Арлоў.

Другі лідар праекта «У нескладовае» Вадзім Марголін паспрабаваў прааналізаваць вэрсіі ўсіх трох вакалістаў:

«Косця Грым – гэта лёд і рыжае полымя. Падвышаная канцэнтрацыя пазытыву на сантымэтр кубічны. Праблема выбару каляіны не стаіць – трэба проста ісьці наперад, са станцыі на паўстанак. Цягнік не пойдзе пад адхон ні пры якіх умовах. Жэня Чалышаў – гэта мэланхалічны беларускі партызан пэрыяду рэйкавай вайны 1944 года. Праблема выбару каляіны не стаіць – Фатум вызначыць, які менавіта цягнік сёньня. Андрэй Краўчанка – рамантычны жыхар сусьвету. Яго галоўнае пытаньне – на якой станцыі я сустрэну сваё каханьне? Выбар зроблены, але адсутнічае аб’ект выбару. Ідзе пошук».

Cынгл «Станцыя» – спампаваць

Маскоўская прэзэнтацыя сынгла «Станцыя» адбудзецца 5 жніўня ў клюбе «Радиосити». Апрача дэсанта зь Менску гледачоў чакае дуэт з Косьцей Грым, якому сьпяваць па-беларуску вельмі спадабалася.

«Мне было цікава папрацаваць разам, таму што нашыя мовы маюць агульны падмурак. Не сакрэт, што ў беларускай мове славянскіх слоў нават больш, таму гэты праект дапамог па-новаму паглядзець і на рускую мову. У фанэтычным кантэксьце спадабалася цьвёрдае "ч" – вельмі цікава гучыць! Не адразу атрымалася "дз", але ўсё даволі хутка выправілася. Ну і сама песьня добрая, запамінальная, можа таму ўсё так лёгка запісалі», – прызнаўся Косьця Грым.

Між тым ужо ў гэтую суботу «У нескладовае» з праграмай «Станцыя» будзе хэдлайнерам «Канцерта на траве 2», які адбудзецца на хутары Шаблі ў 80 км. ад Менску. У выступе возьмуць удзел Аляксандар Памідораў, Яўген Чалышаў, Вадзім Касалапаў. Таксама ў праграме мерапрыемства порцыя сёрфу ад The Silicon і самыя актуальныя беларускамоўныя праекты – рэпер Vinsent з жывым складам і касьмічныя рамантыкі Akute.

ЧАС ПРАВЯДЗЕНЬНЯ

З 18.00 да 23.00

ДЗЕ ЗНАХОДЗІЦЦА

Хутар Шаблі - вёска Малае Запрудзьдзе 29А, Валожынскі раён. Гэта 80 км. ад Менску ў бок Вільнюса. Арыентыры - вёска Гародзькі, вёска Лоск.

КОШТ КВІТКОЎ

  • 60 тыс. - толькі уваход (даезд самастойна).
  • 90 тыс. - уваход + кемпінг на выходныя (даезд самастойна).
  • 120 тыс. - уваход + квіток на аўтобус ад агенцыі «Шаблі».

Дзеці да 12 год пад дагладам бацькоў - бясплатна.

Кэмпінг адчыняецца 15 чэрвеня ў 18 гадзін, зачыняецца 17 чэрвеня ў 18 гадзін.

НАБЫЦЬ КВІТКІ

  • Мінск, бар «Малако» (пр. Незалежнасьці 37А) - запытацца ў бармэна
  • Мінск, каса КЗ «Мінск» (вул. Кастрычнічкая 5)
  • Мінск, каса ў пераходзе паміж ГУМАМ і Mcdonalds
  • Мінск, распаўсюднік у пераходзе на пл.Я.Коласа (выхад да Філярмоніі)
  • Усе рэгіёны - у сыстэмах ticketpro.by і kvitki.by

Увага: продаж квіткоў ў касах Мінска і Інтэрнэце спыняецца ў 17 гадзін 15 ліпеня. Пасьля гэтага квіткі можна будзе набыць толькі на пляцоўцы хутара Шаблі.

ПА УСІХ ПЫТАНЬНЯХ

(017) 280 15 10, (033) 6 5555 96, (029) 6 5555 96, а таксама ў Facebook

16:48, 13/07/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0644 seconds.