Мы падслухалі рытмы гэтай восені: IQ48 завяршае новы альбом

У г.п. Сокал пад Менскам ужо колькі тыдняў ці не самы стары малады гурт Беларусі IQ48 піша новы альбом. Штамп музычных крытыкаў пра «крызыс другога альбому» можна нацягнуць і на IQ. Пасьля выхаду «Герояў» у складзе гурта адбыліся значныя зьмены. Аднак ужо цяпер можна ўпэўнена сьцьвярджаць, што пасьля таго, як IQ48 згубілі саксафон, яны знайшлі сябе. 

iq48

Зрабілі крок назад

У студыі «Таксафон», якая месьціцца ў сутарэньні прыватнага катэджу на ўскрайку Менску, асьцярожная атмасфэра эўфарыі. Хлопцы адчуваюць, што справы ідуць як трэба.

iq48

«Мы плюнулі на ўсё, на арыентыры, і пачалі граць тое, што хочацца. Ён разьлічаны на жывыя канцэрты найперш. Нешта будзе», — гаворыць гітарыст і гукарэжысэр Павал Яноўскі.

Паша прыйшоў у гурт ужо пасьля выхаду другога альбому. Яго гітара і замяніла той самы саксафон, які здалёк мог падацца асноўнай фішкай IQ48. Гітара Яноўскага цяпер выдае нават гучаньне віялянчэлі.

iq48

«За год нарадзілі і запісалі. Усё арганічна. Я зараз яго слухаю і думаю, а што мы раней рабілі? Такі склад у нас зараз, што ўсё арганічна», — разважае заснавальнік гурта Яўген Бузоўскі.

Новыя IQ48, узрост якіх цяпер недзе па 30+/- гадоў, будуюць музычны сьветапогляд на першых пачутых некалі ў пачатку 90-х творах:

«Мы зрабілі крок назад. Выкінулі музыку за апошнія 15 гадоў, і пераасэнсавалі тое, што мы самі слухалі ў пачатку 90-х».

Стаяць на барыкадах

«Стаяць на барыкадах, імкнуцца ў космас – ня модна, ня модна ды ўжо позна», — сацыяльная тэматыка блізкая гурту ад пачатку стварэньня, яшчэ выразьней у новым альбоме.

Пакуль «быкі і цёлкі — ахвяры глямуру — танчаць у доме агракультуры», «выносіць розум — галоўная мэта» IQ48, пры гэтым нязьменна трымаючы «хвост пісталетам».

«Цяпер, калі нам будуць пляскаць у далоні на канцэртах, будзем адчуваць сябе вэтэранамі», — сьмяецца вакаліст Саша Ракавец.

Песьні для новага альбому IQ48 пісалі ў часы абсалютнай дэкаратыўнай стабільнасьці, а запісваюць іх у атмасфэры, калі нешта такі вось-вось «шандарахне».

iq48

Гэтая спалучэньне абяцае стварыць вельмі прыгожую актуальную музычную афарбоўку чаканай пераменлівай восені 2011.

Болей фотаздымкаў з атмасфэры, у якой пішацца новы альбом IQ48

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0592 seconds.