«Матэматыка чароўная»

Так лічаць удзельнікі арт-групы txyz.info, якія ў межах экспазыцыі вырашылі паказаць спалучэньне навукі і мастацтва. Натхнёныя навукай, яны ствараюць ілюстрацыі і інтэрактыўныя інсталяцыі з выкарыстаньнем матэматычных формул і функцый. Робат, якім можа кіраваць кожны праз свой мабільны тэлефон, іншы — рэагуе на дотык, відэаінсталяцыя ды выявы фрактальных фігур — усё гэта ў галерэі «Ў». З прэзэнтацыі Solid там пачаліся паказы працаў мастакоў-пачаткоўцаў зь Беларусі.

Конкурс для маладых мастакоў-пачаткоўцаў зь Беларусі Smart Art, абвешчаны галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» і кампаніяй velcom, пачаў прэзэнтацыю шасьці канцэпцый, якія прайшлі на фінальны этап конкурсу. Першай прадставіла свой праект Solid група txyz.info. У суполку ўваходзяць тры ўдзельнікі: Саша Іўлеў, Воля Карэлькіна і Кацярына Шах.

Кацярына, выпускніца мэханіка-матэматычнага факультэту БДУ, называе працы з дэбютнай экспазыцыі «хатнім мастацтвам», а матэматыку — чароўнай. Захапленьне нятаннае — дэбют каштаваў маладым навукоўцам некалькі мільёнаў. Мастацтва патрабуе ахвяраў.

Txyz.info прадстаўляе новае пакаленьне мастакоў, якое займаецца мэдыямастацтвам (New Media Art). У сваю дэбютную экспазыцыю навукоўцы-мастакі ўключылі ілюстрацыі фрактальных 3D-фігур, відэаінсталяцыю і два інтэрактыўныя ўсечаныя шматграньнікі, якія рухаюцца па зададзеным альгарытме. Кожны глядач з дапамогаю свайго мабільнага тэлефона, а таксама гульнёвага кантролера, можа кіраваць як інсталяцыяй, так і мэдыяскульптурай. Такім чынам, працы групы txyz.info можна азначыць як «электроннае» і «лічбавае» мастацтва.

Пазнаёміцца з навукова-мастацкім праектам Solid можна да 14 ліпеня 2011 года ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў». Пазьней на гэтай жа пляцоўцы пройдуць паказы працаў наступных фіналістаў Smart Art: Раман Аксёнаў, Мікалай Бялько, Група FAU (Іван Краўцоў, Арцём Паламаны), Група Gonzai (Андрэй Анкуда, Тарас Калягін, Павел Кедыч) і Тацьцяна Пруднік.

tarka 10:00, 01/07/2011 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0682 seconds.