Дырэктар турагенцыі падмануў студэнтаў, якія жадалі паехаць па праграме Work and Travel

Дырэктар адной зь менскіх фірмаў, што займалася арганізацыяй візытаў у ЗША па праграме Work and Travel, прайграў грошы кліентаў у казыно. Колькасьць пацярпелых, якія зьвярнуліся ў праваахоўныя органы, ужо перавысіла 100 чалавек.

Фірма, якая ладзіла працаўладкаваньне студэнтаў за мяжой, 6 гадоў працавала на законных падставах і без якіх-небудзь нараканьняў з боку кліентаў. Загубіла яе прыхільнасьць дырэктара да азартных гульняў — у студзені гэтага года ён упершыню скарыстаўся чужымі грашыма для гульні. Па папярэдніх выніках расследаваньня, са студзеня па травень 33-гадовы дырэктар растраціў як мінімум 35 мільёнаў рублёў, але праваахоўныя органы ўпэўненыя, што канчатковая сума шкоды павялічыцца ў разы.

Як піша «Туризм и отдых» абвінавачваны сам прыйшоў у міліцыю і напісаў заяву аб яўцы з пакаяньнем, дзе цалкам прызнаў сваю віну. Цяпер штодзень у міліцыі прымаюць дзесяткі заяў ад ашуканых студэнтаў.

«Пацярпелых ўжо болей за сотню, — кажа Антон Санкевіч, прэс-афіцэр Кастрычніцкага РУУС, — але іх будзе болей. Па папярэдніх дадзеных, гэта колькасьць можа вырасьці да 160 чалавек, а па водгуках студэнтаў — і да некалькіх сотняў. У дзень прымаецца вельмі вялікая колькасьць новых заяў».

Назва фірмы і імя дырэктара не публікуюцца, але гледзячы па ўсім, справа ідзе аб агенцыі Эві Груп, дырэктар якой Ігар Хацько ў пачатку чэрвеня ў самы разгар падрыхтоўкі да ад’езду беларускіх студэнтаў па праграме Work and Travel, па словах удзельнікаў адпаведнай групы Vkontakte, «забраў усе грошы і змыўся ў невядомым накірунку».


Сайт агенцыі Эві Груп не абнаўляўся зь вясны

Цяпер у групе «Работа для студентов в США/ Work and Travel USA — ЭВИ груп» студэнты абмяркоўваюць, дзе знайсьці адваката, каб дамагчыся вяртаньня сваіх грошай, тэлефоны ж офісу Эві Груп маўчаць. Супрацоўнікі агенцыі вінавацяць ва ўсім яе дырэктара, які, па паведамленьнях, сапраўды нядаўна зьявіўся ў міліцыі.

Агенцыя Эві Груп спэцыялізавалася на навучаньні за мяжой, а таксама моладзевым адпачынку, але найбольшую актыўнасьць праяўляла ў дапамозе ў пошуку месцаў працы для беларускіх студэнтаў, якія хацелі паехаць на лета ў ЗША. За паслугі Эві Груп грошы патрабавала наперад (удзел каштаваў каля $580), а тым, каму ў амэрыканскай візе адмаўлялі, абяцала вяртаньне сродкаў.

Мабыць, менавіта на грошы, якія мусілі атрымаць назад студэнты, дырэктар агенцыі і схадзіў у казыно, пасьля чаго яго супрацоўнікі засталіся без зарплаты, пазбаўленыя візы студэнты — без грошай, а сам дырэктар — без свабоды.

Як паведамляюць СМІ, у дачыненьні да абвінавачанага ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле «Махлярства ў асабліва буйным памеры». Максымальны тэрмін пакараньня па ім — 10 гадоў пад вартай з канфіскацыяй маёмасьці.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0581 seconds.