У Паўночнай Карэі зачыняць унівэрсытэты дзеля юбілею «вечнага прэзыдэнта»

Улады Паўночнай Карэі вырашылі зачыніць усе ВНУ дзеля падрыхтоўкі да юбілею «вечнага прэзыдэнта» Кім Ір Сэна, які мусяць адсьвяткаваць праз год. Да гэтага часу ўсе студэнты краіны, акрамя выпускнікоў і замежнікаў, будуць працаваць у калгасах і на грандыёзных будоўлях.


Так выглядае адукацыйны працэс у Паўночнай Карэі. Фота EPA

Як піша The Telegraph са спасылка на паўднёвакарэйскія мэдыя, улады Паўночнай Карэі заявілі, што ў 2012 годзе народ гэтай краіны стане «вялікай, квітнеючай і магутнай нацыяй». Ператварэньне ў магутную нацыю супадае са сьвяткаваньнем юбілея Кім Ір Сэна, заснавальніка Паўночнай Карэі.

Акрамя гэтага яго сын Кім Чэн Ір, які носіць тытул «Вялікі кіраўнік», спадзяецца праз год перадаць уладу свайму пераемніку і сыну Кім Чон Ыну. Тым часам студэнты вымушаныя будуць папрацаваць на сваіх любімых кіраўнікоў у калгасах і на буйнейшых будоўлях, якія вядуцца напярэдадні сьвяткаваньня 100-гадовага юбілею дзеда Ына. Пазьбегнуць гэткай «паншчыны» толькі замежныя студэнты і выпускнікі.

Як лічаць японскія экспэрты, улады накіроўваюць студэнтаў на аднаўленьне сельскай гаспадаркі і будоўлі, каб пазьбегнуць магчымых хваляваньняў. Карэйскія студэнты, верагодна, натхнёныя падзеямі на Блізкім Усходзе і Паўночнай Афрыцы, захочуць паўтарыць вопыт «Язьмінавых рэвалюцый». Раней паведамлялася, што нядаўна Кітай паставіў Паўночнай Карэі вялікую партыю абсталяваньня для падаўленьня пратэстаў, у тым ліку газ і паліцэйскую амуніцыю.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0623 seconds.