Набор на курсы па назіраньні за выбарамі
Стаць прафэсійным назіральнікам на выбарах і прайсьці курс ад нарвэскіх палітолягаў у Вільні запрашаюць актыўных маладых людзей беларускія літоўскія арганізацыі. Падача заявак сканчаецца праз два дні.
Belarus Watch, Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт і Беларускі Дом правоў чалавека ў выгнаньні ў Вільні абвяшчаюць прыём заявак на ўдзел у праекце «Назіраньне за выбарамі: тэорыя і практыка».
Падлік галасоў у час выбараў прэзыдэнта Польшчы. Здымак зроблены ўдзельнікамі навучальнай місіі па назіраньні за выбарамі ў Беластоку
Удзельнікі праекту пройдуць тыднёвы інтэнсіўны навучальны курс ў Вільні, распрацаваны выбітнымі нарвэскімі палітолягамі. Па пасьпяховым сканчэньні курсу навучэнцы атрымаюць сэртыфікаты ЭГУ і Belarus Watch.
Пасьля навучальнай падрыхтоўкі ўсе ўдзельнікі адправяцца ў адну з эўрапейскіх краін дзеля назіраньня за рэальнымі выбарамі. У час міжнароднай місіі па назіраньні ўдзельнікі праекту атрымаюць практычны досьвед у якасьці акрэдытаваных кароткатэрміновых міжнародных назіральнікаў. Мэтанакіраваныя і актыўныя ўдзельнікі будуць запрошаныя на яшчэ, прынамсі, адну місію па назіраньні.
Курс пройдзе ў верасьні ці кастрычніку. Паколькі місія адбудзецца адразу пасьля курсу, дакладныя даты стануць вядомыя пасьля таго, як будуць абраныя даты выбараў у краіне, дзе будзе праходзіць місія.
Патэнцыйныя кандыдаты павінныя:
- мець ад 18 да 35 год (абавязкова);
- запоўніць
он-лайн заяўку (абавязкова); - даслаць рэкамэндацыю ад дзейсных няўрадавых арганізацыяў, грамадзкіх ініцыятываў ці праектаў, якія карыстаюцца павагай, палітычных партый. Калі ласка, зьвярніце увагу: рэкамэндацыя мусіць быць дасланая асобай, якая Вас рэкамэндуе непасрэдна на адрас праекту eotp@eotp.info (абавязкова);
- прадэманстраваць моцную грамадзкую пазыцыю, быць актыўнымі (абавязкова);
- быць сябрам няўрадавай арганізацыі ці палітычнай партыі альбо удзельнікам грамадзкай ініцыятывы (абавязкова);
- мець магчымасьць удзельнічаць у навучаньні і непасрэдным назіраньні увесь пэрыяд (абавязкова);
- размаўляць
па-ангельску і разумець ангельскую мову (неабавязкова).
Папярэдні досьвед у назіраньні за выбарамі, міжнароднымі ці мясцовымі, вітаецца, але ня ёсьць абавязковым.
Дэдлайн — 23:59, 26 чэрвеня 2011 г. Усім кандыдатам будзе паведамлена аб выніках да 9 ліпеня 2011 г. Абраныя кандыдаты будуць запрошаныя на сумоўе (па тэлефоне ці праз skype).