Амэрыканскі рэпэр Popa Chief захапляецца нашым рэпэрам Вожыкам ды разважае пра Беларусь

Амэрыканскі рэпэр Popa Chief, былы ўдзельнік легендарнага гурта Wu Tang Clan, прэзэнтаваў свой альбом, у шэрагу трэкаў якога прысутнічае песьня «Амэрыка скрозь», запісаная разам з нашым рэпэрам Вожыкам. Але беларускі рэпэр Вожык настолькі суровы, што я не асьмелілася пагутарыць зь ім асабіста і выведаць усе падрабязнасьці гэтага рэлізу. Вырашыла, што больш бясьпечней будзе зьвярнуцца наўпрост да амэрыканца Popa Chief. Зорка рэпу аказаўся надзвычай цярплівым: ён ня толькі здолеў зразумець маю ангельскую, але і падрабязна адказаў на пытаньні пра Беларусь.


Мяркую ты атрымліваеш шмат прапаноў на сумесныя запісы песень ад розных рэпэраў. Чаму з усяго гэтага мноства ты выбраў менавіта трэк Вожыка?

Popa Chief: Я і бітмэйкер Deech [Deech і Вожык - ня толькі сябры, але і удзельнікі гурта ТА Лапата] даўно сябруем праз інтэрнэт. Неяк ён даслаў мне некалькі трэкаў, якія мелі патрэбу ў фічэрынгу і папрасіў запісаць для якога з іх невялікі куплет. Мне нават не давялося ламаць галавы, які зь іх выбраць, бо калі я пачуў трэк «Амэрыка скрозь», я проста захапіўся ім. Трэк быў такі сьпякотны! Ды яшчэ Deech з такім імпэтам прагнуў супрацоўнічаць са мной, што я проста ня змог адмовіць. Да таго ж, я насамрэч чуў усе песьні Вожыка і ўсе працы Deech. Я крытычна стаўлюся да музыкаў, але паверце, гэтыя беларускія хлопцы ведаюць, што патрэбна аматарам рэпу. І таму, калі ім патрэбна будзе якая мая дапамога - ніякіх пытаньняў, я заўжды гатовы!

Ці спадабалася табе працаваць з беларускім рэпэрам? Ці не выключаеш магчымасьці паўтарыць такі вопыт?

Popa Chief: Было б цудоўна папрацаваць асабіста, а не толькі абменьвацца файламі і лістамі праз электронную пошту. Тады нават немагчыма было прадказаць якой у выніку атрымалася б песьня «Амэрыка скрозь», але дакладна, яна была б зусім іншай.


Вожык

Як думаеш, ці рэальна, каб ты і Вожык выканалі песьню «Амэрыка скрозь», стоячы на адной сцэне? І дзе гэтая сцэна павінна быць: у Амэрыцы ці ў Беларусі?

Popa Chief: Я думаю, што гэты выступ у любым разе будзе відовішчным для гледачоў, дзе б ён не адбыўся. Галоўнае правільна усё арганізаваць. Я бы з задавальненьнем прыехаў на такі канцэрт да вас - гэта магчымасьць адчуць любоў ад новых сваіх слухачоў. Мяркую Вожык зрабіў бы гэтак жа. Скажу інакш. Такі супольны канцэрт мэтазгодней рабіць у Беларусі, чым у Амэрыцы. Хоць Амэрыка і зьяўляецца радзімай рэпу, але гэты музычны стыль значна болей любяць за яе межамі, чым у саміх Штатах. Як бы сумна гэта не гучала, але амэрыканцы захапляюцца рознымі камэрцыйнымі поп- праектамі, у той час, як у іншых краінах слухаюць андэрграўндную музыку.

Як амэрыканскія слухачы ды музычныя крытыкі прынялі трэк «Амэрыка скрозь»? Што яны казалі, калі пачулі гэтую кампазыцыю на тваім альбоме?

Popa Chief: Амэрыканцы ў адрозьненьне ад беларусаў яшчэ не зусім гатовы слухаць песьні, сэнс якіх яны ня могуць зразумець з-за няведаньня мовы. Я нават сам не чакаў столькі рэспэкту за гэтую песьню. «Амэрыку скрозь» праслухала безьліч людзей і шмат хто цікавіўся ў мяне, што за рэпэры чытаюць разам са мной, адкуль яны. Напэўна гэты рэліз вельмі значны не толькі для беларускага рэпу, але і для амэрыканскага таксама. Добрая музыка - яна ня мае межаў.

Ці чуў ты раней што-небудзь пра Беларусь?

Popa Chief: Шчыра кажучы, не. Deech нават не змог мне адразу патлумачыць розьніцу паміж ёй і Расеяй.

Ну калі ніколі не чуў, то якой ты мог бы яе уявіць для сябе? І ці хацеў бы пабываць у нас?

Popa Chief: Напэўна ў Беларусі 8 месяцаў у год вельмі халодна, але усё ж думаю, што краіна вельмі прыгожая, і прырода вельмі разнастайная. Жыхароў таксама ўяўляю прыгожымі, вельмі працавітымі і добрымі, як у прынцыпе і большасьць людзей у сьвеце. Асабіста я вельмі люблю вандраваць і спрабаваць усё новае. Я бы хацеў упрыгожыць вашу краіну сваёй прысутнасьцю. Напэўна, адна такая вандроўка і магчымая, але нічога не абяцаю! Мы б яшчэ з Вожыкам, Deech ды іншымі хлопцамі зладзілі б выступ для вузкага колу слухачоў, і там бы я напэўна расплакаўся на сцэне ад пачуцьцяў. І магчыма, захапіў бы з сабой у Беларусь яшчэ некалькі хлопцаў з Wu Tang Clan.

На жаль, беларуская рэп-культура, як і амэрыканская мае перашкоды да існаваньня. Яна цалкам сканцэнтравана ў андэграўндзе, не мае распаўсюду сярод шырокага кола грамадзтва. Як ты думаеш, ці можа Вожык стаць знакамітым на ўсю краіну? Што яму варта дзеля гэтага зрабіць?

Popa Chief: І я, і Вожык - мы знаходзімся ў адной лодцы, а таму мы павінныя заставацца шчырымі ў адносінах да нашай музыкі, не здавацца і верыць у саміх сябе. Шлях рэпэра вельмі цяжкі, як шлях на крутую гару, і на гэтым шляху вельмі мала дапамогі. Думаю варта супрацоўнічаць зь іншымі рэпэрамі з розных краін, пісаць блізкія для ўсіх вершы, і тады яго песьням будуць падпяваць па ўсім сьвеце. Часам працаваць вельмі цяжка, нават у самых дробязях, што моцна раздражняе. Бывае, слухачы холадна сустракаюць новую песьню, ты потым ня сьпіш начамі, слухаеш яе раз за разам, прыкідваючы, што б зьмяніць, а потым проста прыходзіш у клюб, робіш гук мацней, чым у мінулы раз, і публіка ў захапленьні. А мы ў Wu Tang Clan маглі б і не рабіць сур'ёзныя трэкі, а паставіць якую-небудзь жудасную плюшава-салодзенькую песеньку, і ўсе патрапіліся б як на вудачку. Таму мая парада беларускім хлопцам: рабіце тое, што вы робіце, што-небудзь абавязкова дасьць вынік. І памятайце - мы зьвязаныя! Peace!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.056 seconds.