Заяўкі на конкурс «Басовішча-2010»: Вожык & ТА «Лопата», Corset і «Лютавер’е»

Generation.by працягвае агляд гуртоў, якія сёлета паспрабуюць свае сілы ў змаганьні за галоўныя прызы конкурснай часткі фэстывалю «Басовішча» 16-17 ліпеня ў Гарадку (Польшча). Інфармацыя, mp3, амбіцыі на перамогу – у шостай тройцы гуртоў, чые заяўкі арганізатары фэсту прынялі на конкурс: Вожык & ТА «Лопата», Corset і «Лютавер’е».

Вожык & ТА «Лопата»

Менск-Масты-Сянно / 2004 / hip-hop, experimental / Мы любім танга (mp3)

Гурт заснаваны ў 2004 годзе. Асноўны склад удзельнікаў: Вожык, ЛСП, Сінбад. Удзельнік усіх беларускамоўных рэп-фэстаў з 2006-га году. Удзельнік буйнейшага рэп-фэсту Беларусі Quck Style Cup, які штогод зьбірае звыш тысячы аматараў рэпу (2009/ 2-е месца). Выдадзены на складанках: «Песьні свабоды 3», «Бит, Бас, Кулаки». У 2009-м выдаў сольны альбом. Супрацоўнічае з сучаснымі зоркамі андэграўнд-рэпу ЗША (Wu-Tang Fam.).

«На Басовішчы наш творчы саюз яшчэ ня быў адзначаны, але ня першы год мы спрабуем прайсьці адбор. Мэта ўдзелу — паказаць урэшце самастойны, рознабаковы, адкрыты для экспэрымэнтаў беларускамоўны хіп-хоп. Спадзяемся ўвайсьці ў шчыльны кантакт з публікай, дзякуючы душэўнай шчырасьці кампазыцый. Уцягнуць кожнага слухача ў суперажываньне падзеям на сцэне. Адхапіць бурныя авацыі, запусьціўшы фэервэрк рыфмаканструкцый, і прарваць плаціну каналу слухач-выканаўца неймаверна вар’яцкай плыньню аўтарскай харызмы!»

Corset

Менск / 2004 / ньюмэтал, хард-кор / Боль (mp3)


Гурт «Сorset» заснаваны ў 2004 годзе. Актыўна канцэртаваў на працягу трох год у Менску, Паставах, Рудэнску, Бэрліне, удзельнічаў у трыб’юце «Led Zeppelin», «Flеur». Дэма-альбом гурт выпусьціў у 2004-м, у які ўвайшлі 6 песень па-ангельску і адна беларускамоўная. У 2007-м гурт спыніў удзел і аднавіўся ў 2010-м.

«Мы ўдзельнічалі ў Басовішчы-2004 у якасьці канкурсантаў. Фэст вельмі падабаецца:). Галоўнае для нас — прыняць ўдзел ў гэтым вялікім музычным дзеяньні! Спадзяемся атрымаць шмат уражаньняў, а таксама выступіць на адной сцэне з вартымі гуртамі. Мы імкнемся рабіць музыку цікавай і зразумелай для слухачоў. З далёкага 2004 года склад гурта амаль цалкам зьмяніўся, таксама ёсьць невялікія зьмены і ў творчым напрамку. Таму сёлета мы зьбіраемся перазапісаць на беларускай і ангельскай мове старыя песьні і падрыхтаваць да канцэрту новы матэрыял».

Лютавер'е

Менск / 2006 / folk-metal / Прыйдзі, вясна! (mp3)

Менскі гурт «Лютавер’е» ўтварыўся напрыканцы 2006 году. Неўзабаве адбылася прэзэнтацыя ў адным зь менскіх клюбаў, пасьля чаго распачалася актыўная канцэртная дзейнасьць гурта. «Лютавер’е» мае за сваімі плячыма шмат пасьпяховых выступаў у Беларусі, Украіне, Расеі.

У 2007-м гурт запісаў дэма-матэрыял і выклаў у выглядзе інтэрнэт-сынглаў, а ў 2009-м пачалася праца над запісам поўнафарматнага альбому.

«У „Басовішчы“ гурт удзелу пакуль не прымаў, але ў папярэднія адборы заяўку падавалі і раней. Спадзяемся, на гэты раз справа пойдзе далей. На „Басовішчы“ хочам прэзэнтаваць новую праграму, якая будзе складацца выключна з народных песень у афарбоўцы аўтэнтычных беларускіх сьпеваў. І адзін сьпеў на верш Ларысы Геніюш, як тое патрабуецца ва ўмовах удзелу».

Арганізатары фэстывалю — сябры «Беларускага аб’яднаньня студэнтаў» у Польшчы — завершылі прыём заявак на конкурс «Басовішча-2010». Фінальную колькасьць прынятых заявак і агляд кожнага з гуртоў чакайце на Generation.by у бліжэйшыя дні

Generation.bY традыцыйна зьяўляецца інфармацыйным партнэрам «Басовішча». Падрабязьней пра навіны фэсту і агляд папярэдніх заявак — у адмысловым разьдзеле bas.generation.by.
tarka 16:30, 19/05/2010 | Басовішча |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0594 seconds.