Менш чым палове беларускіх праграмістаў падабаецца іх праца
Праграміст у Беларусі — адна з найбольш прыбытковых прафэсій, асабліва ў крызыс. Сярэдні заробак у гэтым сэктары — каля $1 200. Разам з гэтым, толькі 44% праграмістаў могуць сказаць, што іх праца ім падабаецца.
Партал dev.by агучыў штогадовае дасьледаваньне беларускага рынку працы ў сфэры высокіх тэхналёгій. Паводле дадзеных дасьледаваньня, удзел у якім узялі болей за 600 праграмістаў з розных рэгіёнаў краіны, прафэсія праграміста застаецца выключнай і вельмі прывабнай справай пакаленьня Y.
«Партрэт праграміста, — адзначаецца ў дакладзе, — выразны і пэўны. Гэта малады сталічны жыхар. Калі параўноўваць зь мінулым годам, то можна адзначыць, што патроху гэты жыхар сталее: раней самым распаўсюджаным узростам былі 23–24 гады, цяпер ужо 24–25».
Ужо «праз
два-тры гады пасьля ўнівэрсытэту фактычна палова айцішнікаў набывае статус вядучага спэцыяліста. Шмат у чым гэта зьвязана і са спэцыфікай беларускайІТ-індустрыі : у ёй вядучую ролю граюць аўтсорсынгавыя кампаніі, якім выгодна прадаваць паслугі распрацоўкі больш статутных спэцыялістаў, бо гэта дазваляе прывабней выглядаць у вачах заказчыка».
Узрост беларускага праграміста - 24 гады. Дадзеныя dev.by
Самыя высокія зарплаты таксама ў IT
Паводле дадзеных Беларускага статыстычнага камітэту, найбольш у красавіку 2011 году зарабілі фінансавыя пасярэднікі — каля $551 па афіцыйным курсе. Крыху меней, $539, супрацоўнікі хімічнай вытворчасьці. На трэцім месцы па заробкам у Беларусі — нафтавікі. А вось сярэдні афіцыйны заробак на той час не перавышаў $315. Дарэчы, меней за ўсё ў нашай краіне паводле БелСтату зарабляюць тыя, хто працуе ў гатэльным і рэстаранным бізнэсе.
Сярэдні заробак беларускіх праграмістаў паводле анкет на сайце dev.by
Гэтыя заробкі непараўнальнымі зь сярэднімі ў сфэры IT. Паводле ўсё таго ж dev.by, сярэдні заробак беларускага праграміста ў красавіку (дарэчы, гэта рэкорд за апошнія гады) склаў $1 308. З улікам таго, што многія праграмісты атрымліваюць заробак па ўмоўным курсе, які нярэдка перавышае афіцыйны курс даляра, можна сказаць, што гэта адна з самых забясьпечаных у грашовым сэнсе прафэсій.
Аўтары дасьледаваньня кажуць, што з прыходам крызысу заробкі праграмістаў асабліва не зьмяніліся. Болей за тое, «ІТ — адна зь нямногіх галінаў, дзе мы можам казаць, што рост рэальнай зарплаты ў тых ці іншых працаўнікоў цалкам можа прысутнічаць».
Што цікава, нават з улікам астранамічных па беларускіх мерках прыбыткаў, меней за палову праграмістаў кажуць, што іх праца ім падабаецца. Большасьць на гэта пытаньне адказваюць нешта сярэдняе: «нармальна». А 17% апытаных увогуле прызнаюцца, што праца ім не падабаецца.