Віцебскаму студэнту пагражаюць 3 гады турмы за электронны абменьнік
Беларуская міліцыя вінаваціць студэнта зь Віцебску ў незаконным абмене валюты ў Інтэрнэце. Па дадзеных следзтва, малады чалавек стварыў сайт, празь які прапаноўваў абмен электронных грошай на наяўныя. Органы лічаць, што студэнт зарабіў на апэрацыях каля $10 000.
Як піша БелТА, студэнт-завочнік Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту «пазбаўляў лянівых карыстальнікаў Інтэрнэту неабходнасьці наведваць для абменных апэрацый банкі ці паштовыя аддзяленьні».
Малады чалавек стварыў сайт, дзе са студзеня па травень займаўся абменам валют і электронных грошай: за ўзнагароджаньне мяняў электронныя грошы на сапраўдныя, якія залічваліся на рахунак кліента з яго банкаўскіх картак, аформленых на падстаўных асоб. Попыт на паслугі быў стабільным.
Міліцыя палічыла, што студэнт займаецца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Цяпер яму пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. За час дзейнасьці сайт, па дадзеных следзтва, пасьпеў прынесьці болей за $10 000.