ЗША адмаўляюць у візе кожнаму другому ўдзельніку Work and Travel

Сёлета Злучаныя штаты Амэрыкі ўвялі новыя правілы ўдзелу у праграме Work and Travel, што рэзка ўскладніла працэдуру і павялічыла кошт афармленьня дакументаў. У выніку, гэтай вясной студэнты, якія плянавалі паехаць у ЗША на летнюю працу, атрымалі рэкордную колькасць адмоваў.

Сёлета ўрад ЗША зьмяніў умовы атрыманьня візы для студэнтаў, якія б хацелі ўзяць удзел у Work and Travel. У межах адмысловай пілотнай праграмы для шасьці краін: Расеі, Украіны, Беларусі, Малдовы, Баўгарыі і Румыніі — былі ўзмоцненыя патрабаваньні да кантрактаў, якія дасылаюць студэнтам іх патэнцыйныя амэрыканскія працадаўцы, а таксама да спонсараў, што выступаюць у якасьці іх куратараў ў ЗША. Таксама гутарку ў амэрыканскім кансуляце стала больш «жорсткай».

Паводле ўладаў ЗША, візавыя абмежаваньні ўведзеныя дзеля абароны студэнтаў ад фінансавых ашуканцаў. Паводле задумы ўраду, у студэнтаў зьявілася магчымасьць атрымаць бясьпечнейшую працу ў правераных Дзярждэпартаментам ЗША працадаўцаў на тэрмін да 4 месяцаў і пры гэтым падарожнічаць па краіне на заробленыя грошы.

Але «жорсткую гутарку» і новыя правілы здолелі прайсьці ня ўсе. Паводле дадзеных расейскіх турапэратараў, да пачатку траўня ў Маскве працэнт адмоваў па візах дасягнуў 40%, па выніках траўня — ужо 70%, хоць у 2009 годзе гэты паказчык складаў ўсяго 2%. Аб гэтым піша Travel.ru.

Беларускія студэнты пасьля дыпляматычнага скандалу паміж Беларусьсю і ЗША вымушаныя езьдзіць у расейскую сталіцу дзеля атрыманьня візы на ўдзел у Work and Travel. Хаця некаторыя беларусы адпраўляюцца дзеля гэтай мэты ў Кіеў. Па зьвестках студэнтаў, адсотак адмоў сёлета там меньшы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0582 seconds.