Першая пяцёрка заявак на конкурс Басовішча-2011

Штогод «Басовішча» дае магчымасьць пазнаёміцца з маладымі беларускімі гуртамі. Што зьявілася новага ў беларускай альтэрнатыўнай музыцы? Generation.by пачынае агляд заявак ад маладых гуртоў, што зьвярнуліся на конкурс фэстывалю. І так, пазмагацца за галоўныя прызы на гістарычнай сцэне ў борыку Гарадка на Беласточчыне плянуюць гурты Amaroka, Avias, «Інфрачырвоны Выдых», Vuraj ды VыdymanыMir. Што гатовыя паказаць музыкі дзеля перамогі і якую музыку граюць? Пачынаем знаёміцца.

    Amaroka

  • Горад: Miensk city
  • Год стварэньня: 2005
  • Стыль: positive punk-rock
  • Трэк: amaroka-puls.mp3
  • У сеціве: Last.fm

Каманда грае з 2005 году. За гэты час адыгралі вялікую колькасьць канцэртаў, запісалі два альбомы і некалькі сынглаў для культавых складанак беларускай музыкі. Стыль уяўляе сабой сумесь старой школы амэрыканскага панк-року з сучаснымі тэндэнцыямі панку новай хвалі. Падняўшыся з самага андэграўнду з гаражнікамі і клюбамі-падваламі зараз гурт катаецца па самых вялікіх панк фэстывалях нашай краіны. 20 траўня менчукі выпусьцілі трэцюю плытку – «Puls». На «Басовішчы» гурт спрабуе свае сілы ў другі раз.

«Ну, спадзяемся, што карумпаваная сыстэма адбору гуртоў на гэты раз не збракуе і мы пакажам беларускім і замежным слухачам “Басовішча”, што такое сапраўднае пазытыў панк-рок шоў!»

    Avias

  • Горад: Менск
  • Год стварэньня: 2010
  • Стыль: rock, post-grunge
  • Трэк: avias-budurady.mp3
  • Сайт: avias.by

У чэрвені 2010 году некалькі маладых людзей зь Менска воляю лёсаў сабраліся разам, задумаўшы агульную справу. Кожны зь іх быў ужо дасьведчаным музыкам, які пасьпеў пайграць са зьменным посьпехам у розных сталічных камандах. Так зьявіўся гурт «Авіас», які абраў для сябе сучасны альтэрнатыўны рок, з моцнай аглядкай на гранджавыя 90-я. Незвычайнай асаблівасьцю для гурта лічаць той факт, што на барабанах грае дзяўчына. Першага сакавіка 2011 году Avias прадставіў публіцы сваю дэбютную студыйную працу – прома EP «Маяк».

«Маем спадзевы паўдзельнічаць у культавым беларускім фэсьце, быць пачутымі, атрымаць перамогу ў конкурсе, патусавацца :) Рома раней граў у гурце «Крок», які ў 2006-м прымаў удзел у конкурснай частцы фэсту. Уражаньні пазытыўныя. «Басовішча» сапраўды адзіны такога маштабу фэст для беларускамоўнай музыкі».

    Vuraj (Вурай)

  • Горад: Менск
  • Год стварэньня: 2009
  • Стыль: folk
  • Трэк: vuraj-badziulia.mp3
  • У Сеціве: myspace.com

«Vuraj – гэта наш музычны гурт. Вось ужо як два гады езьдзiм па сьвету, беларускiя песьнi i музыку граем, розныя цiкавыя гicторыi i байкi баем. Былi ў Расеi, Украiне, Прыбалтыцы… а ў Польшчы не былi. Таму i вырашылi на фэстываль «Басовішча» патрапiць. Ведаем, што добрыя там гледачы-слухачы беларускую музыку i тэксты любяць. Падрыхтавалi мы для ўсiх сваю казачную праграму, а там… i песьнi… i танцы… i музычныя гicторыi пра розныя пачвары, icтоты, якiя жывуць у нашай краiне. Будзе i пра Баламута, i пра малойчыкаў, зайцоў i шмат чаго яшчэ…».

«У „Басовішчы“ раней ня ўдзельнічалі. Ня гледзячы што гурт малады, музыкi ў iм ужо ў „вузкіх колах“ вядомыя (гурты - BadLuck , SOL3 , МутнаеВока). Мы пастаянна працуем над сабой, над гучаньнем i да „Басовiшча“ падышлі сур'ёзна. Адрэпетавалі новую праграму, аднак не хапiла часу для яе запiсу, таму гатовыя перадаць усю энэргетыку ў жывым выступе. Чакаем ад „Басовiшча“ нерэальных эмоцый і каштоўнага вопыту, i спадзяемся на тое, што нас заўважаць і вылучаць».

    Інфрачырвоны Выдых

  • Горад: Маладзечна-Менск
  • Год стварэньня: 2010
  • Стыль: экспэрымэнтальная імправізацыя
  • Трэк: гурт пакуль не выкладае запісы ў публічны доступ

«Прымалі ўдзел у ДАХу, Бардаўскай Восені (ляўрэаты), фэсьце LIVEinROCK (пераможцы). Цягам нашага існаваньня ў нас не было ніводнай рэпэтыцыі, таму нашая музыка ўяўляе сабой больш ці (часьцей) менш падрыхтаваныя імправізацыі з выкарыстаньнем біт-боксу, гітары, пэркусій, басу, кампутару і розных іншых прадметаў, што трапляюць пад руку. Паверх гэтага арганізаванага хаосу чытаюцца вершы ці выконваюцца вакальныя партыі.

Спадзяваньні наконт „Басовішча“ простыя: па-першае, трапіць туды, па-другое – адпачыць, пайграць і паслухаць музыку, пабачыць знаёмых. Два нашыя ўдзельнікі былі на Басах чатыры разы як гледачы. Самыя моцныя ўражаньні былі ад першага разу (бо ён быў першым) у 2004-м. Але і ў наступныя разы было вельмі прыемна бавіць там час. Нейкіх адмысловых намаганьняў, каб трапіць на конкурс, не прыкладаем, нават не рэпетуем, але кожны з нас паасобку працуе над сабой і сваімі музычнымі ды іншымі здольнасьцямі. Лепшая падрыхтоўка – гэта канцэрты, спадзяемся, што да фэстывалю (калі на яго трапім) яшчэ будзе магчымасьць пайграць. Можа, падрыхтуем трошкі іншы сэт для вялікае сцэны».

Арганізатары фэстывалю — сябры БАСу — прымаюць заяўкі на конкурс «Басовішча-2011» па 10 чэрвеня 2011 году. Пасьля журы фэстывалю абярэ гурты, якія й будуць запрошаныя на конкурсную частку «Басовішча» ў Гарадок (Польшча). 

Generation.bY зьяўляецца галоўным інфармацыйным партнэрам «Басовішча» ў Беларусі. Усе навіны сёлетняга фэсту, а таксама папярэдніх гадоў — у адмысловым разьдзеле сайту.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.