«Дзеці бульбы і кукурузы» — KoЯn у Менску


KoЯn у Менску. Фота: ultra-music.com.

Ня гледзячы на крызыс і недахоп валюты, наяўнасьць каля ўваходу на мерапрыемства такіх (ужо звыклых) рэчаў, як звышканцэнтрацыя рознае міліцыі і брыгад хуткае дапамогі «для бясьпекі», у Менску ўсё ж зрэдку яшчэ ёсьць што паглядзець і дзе сябе паказаць. 26 траўня да «бульбашоў» завіталі «дзеці кукурузы» — каліфарнійскі гурт KoЯn.

Minsk you fucking crazy

Фактычна бацькі ню-мэтал, але якія зусім не прымаюць гэты тэрмін (яны кажуць, што граюць музыку KoЯn, а ня нейкі там незразумелы нумітал!), наведалі Беларусь з нагоды прэзэнтацыі свайго дзевятага альбому «KoЯn III: Remember Who You Are».

Як і папярэдзілі музыкі гурта напярэдадні мерапрыемства, нічога асаблівага, што б адрозьнівалася ад канцэртаў KoЯn у іншых краінах у гэтым туры, мы не пачулі, але нічога страшнага, бо ў якасьці эксклюзіву каля васьмі тысяч вушэй як мінімум пачулі з вуснаў сапраўдных рок-монстраў, што Minsk you fucking crazy and thank you so much! Вось дзеля гэтага ўжо варта было ісьці на гэты канцэрт, бо сам Джонатан Дэвіс цябе назваў факінк вар’ятам! Згадзіцеся, прыемна!

«Аліса ў краіне цудаў»

Цяперашні KoЯn уяўляе зь сябе «зорны» квартэт, ну, гэта тыя, хто непасрэдна на ўсіх фотах гурта ў масмэдыя (Дэвіс, Манкі, Філдзі, Лузье) плюс патаемныя ў сутарэньнях і змроку сцэны другі гітарыст і клявішнік (для гатычнага фону!). Дарэчы, цікава, што гэтыя самыя патаемныя, практычна незаўважныя ў сваіх кутках, скакалі вышэй за вядомага балаку і скакуна Сяргея Міхалка! Гэта візуальна, што ж тычыцца гуку, музыкі…часам нават на сьлязу амаль прабівала, бо ТАК, так моцна тут яшчэ, здаецца, ніхто ня граў. Нават блізкі стылёва Limp Bizkit, канцэрт якіх можна было лічыць ідэалам выступаў падобнага жанру ў Менску, крыху, але KoЯn’у прайграваў. Гэта было сапраўднае шоў, канцэртная пастаноўка са сваёй драматургіяй і рытмам, а ня просты рок-канцэрт па схеме: прыйшлі-падрубіліся-парубіліся-адрубіліся. Выдатная сумесная праца асьвятляльнікаў, гукатэхнікаў і непасрэдна музыкаў. Проста кажучы — казка! Амаль «Аліса ў краіне цудаў»:) Пэўна так жыўцом успрымаюцца і Pink Floyd, якія пакуль да нас не даехалі.

Дарэчы, наконт Pink Floyd. Рок-музыка, як ні круці, — гэта ўжо пэўныя традыцыі, нават свая культура, ці контр-культура (як заўгодна), са сваімі ідэаламі, іх трэба шанаваць, бо яны — грунт. А без грунту рок-папугайства і стылізацыя дзеля нашкодзіць бацькам! «Не забывай свои KoЯnи!» — як тыя кажуць. Вось KoЯn і не забываюцца — у Менску граюць урыўкі з твораў Queen і Pink Floyd, на сваёй акустыцы выконваюць «Creep» Radiohead і пяюць разам з Робертам Сьмітам з The Cure, усё ў парадку!) Менчукі гэныя ўстаўкі пазнаюць і нават пяюць у свае амаль чатыры тысячы галасоў.

Кантрольны ў галаву

Адыграўшы гадзіну, KoЯn сышлі са сцэны — ніхто зь гледачоў да выхаду не пацягнуўся, мы, скемістыя дзеці балотаў, гэтыя прыёмчыкі ўжо добра ведаем! Свой «біс» KoЯn пачаў з шыкоўнай пераробкі ўласнае ж Falling Away from Me, і калі песьня дайшла да сваёй квінтэсэнцыі з проста зубадрабільным, найцяжэйшым гітарным рыфам, калі вакаліст Джонтатан Дэвіс забурчэў у мікрафон «Мінск каааамммаааааааааааааан!» — у гэты момант падумалася, што зараз абсалютна дакладна бабахне зьверху вялізная столя Палацу спорту, а за ёй і самі нябёсы шандарахнуць нас усіх! «Танцпол» і «сядзячыя месцы» паўсталі нібы на апошні, рашучы бой і ў адзіным парыве дрыгалі рытмічна рукамі, галовамі, усім, чым толькі можна і нельга! Нехта побач так матануў сваёй галавой, што ягоныя акуляры паляцелі празь некалькі шэрагаў. Потым гэты сьціплы хлапчук з выглядам батаніка іх доўга і ўпарта шукаў. Знайшоў. Сіла мастацтва, панове! Далей — болей! KoЯn проста дабіў усіх раненых і паўжывых кактэйлям са свайго найлепшага і найцяжэйшага. І сышоў. Без варыянтаў — гэта быў кантрольны ў галаву. KoЯn паставіў тлустую кропку.

ЗЫ. «Бульбашы» сыходзілі ад «дзяцей кукурузы», «дзеці кукурузы» зьяжджалі ад «бульбашоў». Нешта паміж намі было тут агульнае — проста ў гэты вечар мы ўзрасталі на адной зямлі, на беларускай глебе!

Buzzika 11:00, 30/05/2011 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0048 seconds.