Фотагісторыя: адвольныя затрыманьні актывістаў у Беларусі

Гэтымі днямі ў Менску ідуць працэсы над актывістамі, якіх вінавацяць у сэрыі нападаў на будынкі адміністратыўных устаноў. Агулам 18 чалавек былі затрыманыя пасля атакі 30 жніўня 2010 года на расейскую амбасаду. Гэта анархісты і актывісты сацыяльных і экалягічных ініцыятыў. У Беларусі нельга трымаць людей пад вартай без абвінавачвання болей за трое сутак, таму кожныя 72 гадзіны іх затрымлівалі зноў. Героям гэтай фотагісторыі абвінавачванне так і не было прад'яўлена.


Ігар Багачак, 26 гадоў, займаецца боксам, удзельнік адукацыйнага праекту «Беспартшкола», быў затрыманы на 9 сутак. На трэніроўцы баксёрскага клуба «Сталіца».


Уладзь Валодзін, 26 год, эколяг, быў затрыманы на 9 сутак. Каля ЦЭЦ-5.


Барыс Ашчэпкаў, 18 гадоў, студэнт БДУ, гатуе ежу для жабракоў, затрыманы на 6 сутак. 
Вуліцы Менска, парк «Сымона Балівара» — на акцыі «Ежа замест бомбаў».


Аляксей Жынгероўскі, 20 гадоў, студэнт БДУІР, актывіст антыатамнага руху, арыштаваны на 9 сутак.
Каля цэнтральнага офіса дырэкцыі па будаўніцтву беларускай АЭС

Уся фотагісторыя: па-беларуску, па-ангельску

Псыхалягічны ціск 

Нагодай для стварэньня гэтага праекту стала супадзеньне некалькіх фактараў: я прыняў удзел у курсе па фотажурналістыцы пад кіраўніцтвам Андрэя Лянкевіча. Ды на пачатку верасьня 2010 года адбыліся масавыя затрыманьні і допыты нефармальнай моладзі пасьля таго, як невядомыя закідалі кактэйлямі Молатава расейскую амбасаду.

Многія з гэтых звычайных затрыманьняў упершыню ператварыліся ў адвольныя арышты — самаўпраўства праваахоўных органаў, калі без абвінавачваньня чалавек затрымліваецца на невядомы працяглы тэрмін. Слухаючы зараз камэнтары затрыманых актывістаў падчас суда становіцца зразумела, што гэтыя арышты былі часткай псыхалягічнага ціску дзеля атрыманьня сьведчаньняў супраць абвінавачаных.

Статычна назіраць за палітычнымі рэпрэсіямі, пад якія патрапіла грамадзкая супольнасьць мне было вельмі складана.

Героі без твараў 

Для мяне было істотным здымаць герояў у абставінах, зьвязаных зь іх дзейнасьцю, ці падчас яе. Інакш атрымаліся б невыразныя здымкі, якія можна зрабіць дзе і з кім заўгодна. На выставе «Штодзённасьць», якая даступна да 27 траўня ў Інстытуце імя Гётэ, выстаўлены 4 здымка з гэтай гісторыі. Адбылася цікавая выпадковасьць, калі куратары выставы абралі партрэты, на якіх ня бачна твараў хлопцаў. Гэта вельмі слушна адлюстроўвае сапраўдны твар актывізму ў сучаснай Беларусі. Але ніхто з герояў не парушаў закон. Твар павінны хаваць зусім іншыя людзі.

Той ціск ды арышты, якія адбыліся пасьля 19 сьнежня 2010 года прымусілі вытрымаць паўзу з пошукам герояў. Было зразумела, што ў гэтай сытуацыі атрымаць згоду на ўдзел у праекце будзе вельмі складана. Усе актывісты сталі значна больш асьцярожнымі. Гэта ня супэр-героі, і ім ёсьць што страчваць. Але хлопцамі можна ганарыцца — нягледзячы на ціск, яны ня кінулі сваёй грамадзкай дзейнасьці.

Першыя, да каго прыходзяць

Шмат людзей адмовілася ад удзелу ў праекце. І зразумела чаму. Весьці грамадзкую, экалягічную ці будзь-якую іншую няўрадавую дзейнасьць і быць публічнай пэрсонай у сучаснай Беларусі небясьпечна. Праваахоўныя органы здольныя толькі да ганьбы бабулек з кветкамі ды паказухай з мэталадэтэктарамі на станцыях мэтро. Калі справа даходзіць да сапраўдных дзеяньняў — адразу трасуць тых, хто не хавае свой твар ды ўжо ёсьць у «чорным сьпісе». Так адбываецца кожны раз, калі ў краіне здараецца нешта «незразумелае» — актывісты першыя, да каго прыходзіць міліцыя.

Некаторыя, пабачыўшы маю працу, пыталіся: «Ці сапраўды тыя анархісты, каго сёньня судзяць — невінаватыя?»

Магчыма і вінаватыя. Але тыя тэрміны пазбаўленьня волі, якія ім пагражаюць, ні ў якім разе не адпавядаюць іх дзеяньням. Даваць 20-ці гадовым юнакам 7 год за сапсаваныя дзьверы будынка КДБ, ці да 12 год за спаленую машыну расейскай амбасады… Адразу становіцца зразумела як дзяржава ставіцца да чалавечага жыцьця і што зараз адбываецца паказальная расправа з тымі, хто рызыкуе ісьці супраць сыстэм.

Дадатковыя спасылкі: працы іншых удзельнікаў фотакурса; выстава «Штодзённасьць» (даступна да 27 мая); апошнія навіны пра суды над актывістамі на Indymedia.

Максім Сарычаў

Максім Сарычаў нарадзіўся ў Беларусі ў 1987 годзе. Скончыў БДУІР па спэцыяльнасьці «інжынэр-праграміст» у 2009 годзе. Канцэртны фатограф музычнага сайту Xlam.by з 2008 года па сёньня. Вядзе дзёньнік p1XEL.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.116 seconds.