Беларусбанк патлумачыў, як будзе прадаваць валюту студэнтам

Беларусбанк афіцыйна зацьвердзіў парадак продажу валюты на сацыяльныя мэты. Адной з 4 мэтаў, на якія валюту прададуць, названая адукацыя ў замежжы.

Як паведамляе «Інтэрфакс-Захад», праўленьне Беларусбанку прыняла рашэньне прадаваць валюту на «сацыяльна-значныя патрэбы», у тым ліку на навучаньне за мяжой.

Паводле словаў прэс-сакратаркі банку Ларысы Грынько, для атрыманьня валюты прадугледжаны наступны парадак: заяўнік зьвяртаецца за набыцьцём замежнай валюты на сацыяльныя мэты ў бліжэйшае аддзяленьне Беларусбанку, прыкладаючы да заявы адпаведныя дакумэнты і называючы неабходную суму замежнай валюты.

Пасьля заява перадаецца ў цэнтральны апарат банку, дзе яго разглядае калегіяльны орган — фінансавы камітэт. У выпадку станоўчага рашэньня камітэт інфармуе адпаведнае аддзяленьне, адтуль паведамляюць заяўніку і ён атрымлівае магчымасьць купіць замежную валюту ў гэтым самым аддзяленьні па-за чаргой. Заяўніку ў любым выпадку паведамяць аб рашэньні камітэту, адзначыла Л. Грынько.

Сярод іншых нагодаў для продажы валюты — сьмерць блізкіх сваякоў за мяжой, суправаджэньне інвалідаў, лячэньне.

Акрамя таго, «у экстранных выпадках, напрыклад у выпадку сьмерці блізкага сваяка, які пражываў за мяжой, рашэньне аб продажы замежнай валюты па-за чаргой можа быць прынятае на месцы кіраўніком філіялу», — дадала яна.

На гэтыя мэты валюта будзе прадавацца па бягучаму абменным курсе ў пунктах абмену валют, які на 14 траўня складае Br4 тыс./$1.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.118 seconds.