У Магілёве са студэнтаў бралі грошы за пропускі заняткаў
У магілёўскім філіяле Інстытуту правазнаўства са студэнтаў бралі грошы за пропускі практычных заняткаў. Камітэт дзяржаўнага кантролю палічыў такі «падатак» неабгрунтаваным, але толькі таму, што права інстытуту браць грошы за пропускі не было адзначанае ў дамове на навучаньне.
Прадстаўніца КДК незадаволеная паводзінамі кіраўніцтва прыватнага магілёўскага інстытуту
Як паведамляе СТВ, кошт пропуску адной пары ў прыватным ВНУ у Магілёве — 17 500 рублёў. Аб тым, што за заняткі трэба плаціць, студэнты даведаліся праз дошку абвестак. Але ў дамове на навучаньне адпаведны пункт яны не знайшлі. Менавіта да адсутнасьці гэткага пункту ў дамове і прычапіўся КДК.
Камэнтуе Ала Мікалуцкая, начальнік Галоўнага ўпраўленьня кантролю за працай галін сацыяльнай сфэры Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі:
«Лякальным актам яны гэта зацьвердзілі — гэта законна. Але ў дамове гэта не было прапісана. Сваім лякальным нарматыўным актам, які проста быў вывешаны на стэндзе, напісана, напрыклад, што за пропускі двух гадзін — плата 17500».
«Усё накіравана на назапашваньне грошай», — падкрэсьліла прадстаўніца Камітэту дзяржаўнага кантролю.
Але выглядае, што калі дамову са студэнтамі проста перазаключаць і прапішуць там права браць грошы за пропускі, такія выплаты стануць цалкам законнымі нават для ўсёвідушчага Камітэту дзяржкантролю.