Лепшыя беларускія песьні будуць штомесяц вызначаць у інтэрнэце

1 траўня стартаваў новы праект сайта Ultra-Music — штомесячнае галасаваньне, у якім будуць вызначацца лепшыя беларускія песьні.

«У Беларусі няма ні чартаў продажаў, ні тэлевізійных галасаваньняў, і толькі адна інтэрнэт-апытанка. Таму мы вырашылі прапанаваць нашым наведвальнікам вызначаць лепшыя песьні месяца, — кажа каардынатар сайта Ultra-Music Вячаслаў Радзівонаў. — Зрэшты, гэта не самае галоўнае. Наша асноўная задача — паказаць новыя песьні, а таксама новых беларускіх музыкаў, якіх, насамрэч, вельмі шмат».

Кожны месяц з 10 беларускіх кампазыцый наведвальнікі сайта будуць выбіраць лепшую. У галасаваньні прымаюць удзел песьні розных музычных кірункаў, а мова іх выкананьня значэньня ня мае. У першы тур патрапілі як ужо вядомыя гурты («Петля Пристрастия», «Разбітае сэрца пацана», Akute, «Калачиком рядом», The UNB), так і адносныя навічкі (Barbados, Corner Room, The Yankees of Moor, «Некоторое отсутствие пуговиц», «Не прислоняться the band»).

Пры гэтым геаграфія ўдзельнікаў не абмяжоўваецца Менскам: у чарце прадстаўленыя па два магілёўскія і гарадзенскія гурты, а таксама выхадцы з Салігорску The UNB.

«Мы спадзяемся, што ў кожным туры будзе расьці колькасьць гуртоў не зь Менску. А мы, у сваю чаргу, паспрабуем іх адкрыць для менскай публікі і ня толькі праз інтэрнэт», — дзеліцца плянамі Вячаслаў.

Ultra-Music плянуе праводзіць штомесячныя канцэрты, у якіх будуць удзельнічаць музыканты, якія трапілі ў чарт.

Пакуль жа рэдакцыя сайта чакае ад музыкаў новых песень. Дасылайце заяўкі і інфармацыю аб сваіх гуртах на e-mail chart@ultra-music.com.

16:00, 04/05/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.061 seconds.