У Менску пакажуць «Музыку нявысьветленага паходжаньня» Зігмара Польке

Сёньня ў Менску пачынае працу выстава твораў нямецкага мастака Зігмара Польке «Музыка нявысьветленага паходжаньня». На арт-сцэну мастак трапіў у першую чаргу дзякуючы сваім растравым малюнкам і работам на дэкаратыўных тканінах. Ён ствараў карціны з растравых кропак, павялічаных да абсурднага памеру. Замест палатна Польке выкарыстоўваў плюшавыя пледы альбо паласатыя піжамныя тканіны, плястыкавыя плёнкі. Тэмы для сваіх твораў ён чэрпаў з рэклямы, кіно і коміксаў.

З 26 красавіка па 14 мая ў Менску ў Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва будзе праходзіць выстава твораў нямецкага мастака Зыгмара Польке «Музыка нявысьветленага паходжаньня».

Урачыстае адкрыцьцё выставы, арганізаванай Інстытутам міжнародных сувязей (Германія) і Інстытутам імя Гётэ ў Менску, адбудзецца 27 красавіка а 18 гадзіне ў памяшканьні Музэя сучаснага выяўленчага мастацтва па адрасу пр. Незалежнасьці, 47.

Зігмар Польке (1941 — 2010) жыў і працаваў у Кёльне. На арт-сцэну мастак трапіў у першую чаргу дзякуючы сваім растравым малюнкам і работам на дэкаратыўных тканінах. Ён ствараў карціны з растравых кропак, павялічаных да абсурднага памеру. Замест палатна Польке выкарыстоўваў плюшавыя пледы альбо паласатыя піжамныя тканіны, плястыкавыя плёнкі. Тэмы для сваіх твораў ён чэрпаў з рэклямы, кіно і коміксаў.

У сваіх раньніх работах Польке абыгрывае трывіяльнае і банальнае, і гэтая гульня з павярхоўнасьцю, са штампамі і клішэ прасочваецца ў творчасьці мастака да апошніх дзён. Шаблёны ён бярэ з сумнеўных крыніц: пякарскіх буклетаў і непрымальных у мастацтве глямурных часопісаў і рэклямных брашур.

Сьпіс работ З.Польке ахоплівае больш за 400 твораў. Складана адназначна вызначыць стыль яго твораў. У 60-х, яшчэ студэнтам, Польке заснаваў разам з Герхардам Рыхтарам новы стыль пад назвай «капіталістычны рэалізм». У ім мастакі высьмейвалі спадзяваньні пасьляваеннага нямецкага грамадзтва.

У выставу Зігмара Польке «Музыка нявысьветленага паходжаньня», якая адбудзецца ў Менску, уключана 40 твораў майстра.

Зігмар Польке прымаў удзел у пятай, шостай і сёмай выставах «Documenta». У 1986 годзе ён быў уганараваны Гран-пры за жывапіс на XLII Вэнэцыянскай Біенале. У 1988 годзе ён прыняў удзел у выставе «Made in Cologne». У 1993 годзе атрымаў прэмію імя Луі Карынта. У 2000 г. — прэміі «COLOGNE FINE ART» і «Praemium Imperiale Award» (Токіо). У 2007 г. ён быў уганараваны прэміяй імя Рубэнса, заснаванай горадам Зыгенам. У 2010 г. Польке за яго творчую спадчыну была прысуджана швэйцарская прэмія імя Расьвіты Хафтман. Яго самая вялікая работа — аднаўленьне вокнаў у цюрыхскім саборы Гросмюнстэр. Гэтую замову ён атрымаў у межах мастацкага конкурса, што праходзіў ў 2006 годзе.

13:00, 26/04/2011
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0674 seconds.