У БДЭУ лепшых студэнтаў разьмяркуюць у Гомельскую вобласьць
У беларускіх ВНУ пачалася пара прымусовага разьмеркаваньня. Дэканы факультэтаў, па ўласным прызнаньні, «ламаюць галаву» над тым, якіх студэнтаў разьмеркаваць у найменш прывабныя месцы, а каго пакінуць у сталіцы, і радуюцца ініцыятыве ўраду ўвесьці разьмеркаваньне з 4-га курсу. Адначасова кіраўніцтва ВНУ кажа, што юрыдычна норму аб раньнім разьмеркаваньні замацаваць немагчыма.
Гэтак выглядалі прапановы для разьмеркаваньня для студэнтаў БДУІР у 2009 годзе
Дэкан Факультэту маркетынгу Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Валеры Барадзеня кажа, што студэнты з найлепшым сярэднім балам будуць вымушаныя два гады адпрацоўваць на прадпрыемствах зь мізэрнай зарплатай у Гомельскай вобласьці ці іншых правінцыйных рэгіёнах.
«У мяне ў панядзелак разьмеркаваньне студэнтаў, а на стале ляжаць толькі што дасланыя безназоўныя заяўкі арганізацый, якія я ня мае права не задаволіць. Кагосьці трэба будзе накіраваць на Гомельшчыну альбо ў іншую вобласьць. Усе бюджэтныя прадпрыемствы зь невялікімі акладамі», — заявіў Валеры Барадзеня ў інтэрвію «Інтэрфакс-Захад».
«Сяджу і ламаю галаву: каго туды накіраваць і як зрабіць, каб нікога не пакрыўдзіць. Бо ў мяне вялікая частка студэнтаў зьбіраецца разьмяркоўвацца туды, дзе праходзілі вытворчую практыку і пісалі па адпаведнай тэме дыплёмную працу».
«Хутчэй за ўсё, на гэтыя прадпрыемствы будуць адпраўленыя хлопцы з самымі нізкімі адзнакамі», — прызнаецца дэкан факультэта маркетынгу.
Аднак такая практыка існуе ня толькі ў «Наргасе». Паўсюль разьмеркаваньне адбываецца паводле «Палажэньня аб разьмеркаваньні выпускнікоў», і паводле яго ў першую чаргу разьмяркоўваюцца выдатнікі, і едуць яны звычайна на непрыбытковыя дзяржпрадпрыемствы, якія ня здольныя прапанаваць добры заробак, а часта, і жытло.
Прадпрыемствы ведаюць аб сваім праве «першай ночы», і таму дасылаюць заяўкі на выпуснікоў у апошнія перад разьмеркаваньнем дні, а то і пасьля яго, чым злуюць, а, бывае, і пужаюць дэканаў:
«Сёньня нават назіраецца некаторая „агрэсія“ з боку шэрагу дзяржпрадпрыемстваў, якія патрабуюць ужо пасьля разьмеркаваньня даць ім сьпісы бюджэтнікаў, платнікаў і накіраваць да іх на працу студэнтаў БНТУ», — кажа намесьнік дэкану Факультэту горнай справы і інжынэрнай экалёгіі Уладзімір Стасевіч.
Дарэчы, паводле ўсё таго ж «Палажэньня аб разьмеркаваньні», накіраваньне на працу павінна выдавацца не пазьней, чым за два месяцы да заканчэньня ўстановы адукацыі. Аднак у некаторых ВНУ, напрыклад, БДУІР, разьмеркаваньне адбываецца яшчэ ў лістападзе. Таму дэканы гэтага, і іншых унівэрсытэтаў толькі радуюцца нядаўна агучанай ініцыятыве праводзіць разьмеркаваньне ўжо на чацьвёртым курсе — каб студэнты прызвычайваліся.
Адзіная праблема, якая можа ўзьнікнуць: юрыдычна такое разьмеркаваньне немагчымае.
«Хутчэй за ўсё, гэта будзе вусная дамоўленасьць паміж студэнтам-прадпрыемствам-ВНУ ці пратакол аб намерах разьмеркаваньня, так як юрыдычна гэта, мяркую, ніяк аформіць нельга, — лічыць Уладзімір Стасевіч. За час вучобы на апошнім курсе чалавек можа быць адлічаны, сысьці па ўласным жаданьні альбо ня здаць дзяржаўны экзамэн і тады заўчаснае накіраваньне на працу губляе свой сэнс: на вакантнае месца трэба вызначаць іншага чалавека, які ўжо прайшоў разьмеркаваньне».