Беларускіх студэнтаў разьмяркоўваюць у Вэнэсуэлу

Брэсцкі тэхнічны ўнівэрсытэт будзе разьмяркоўваць студэнтаў у Вэнэсуэлу. Унівэрсытэт атрымаў прапанову забесьпячэньня працоўнымі месцамі студэнтаў ад амбасады брацкай краіны ў Беларусі.

Як паведамляе Радыё Рацыя, беларускія студэнты паедуць у Паўднёвую Амэрыку ў якасьці будаўнікоў прадпрыемству Белзамежбуд.

«Яны [Белзамежбуд] ладзяць гэтыя дзьве камандзіроўкі, адна ў межах будаўнічага атраду, а другая — у межах разьмеркаваньня маладых спэцыялістаў, — распавяла намесьніца дэкану прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва Брэсцкага тэхнічнага ўнівэрсытэту Ларыса Козак. — Хутчэй за ўсё гэта будуць расейскамоўныя групы працоўных. Адзінае, што яны сказалі, гэта будзе праца з найноўшымі тэхналёгіямі ў будаўніцтве».

Па словах Мікалая, студэнта 5 курсу брэсцкага тэхнічнага ўнівэрсытэту, заробак студэнтам у Вэнэсуэле абяцаюць завоблачны:

«Праезд, транспарт, прыжываньне, харчаваньне — абяцалі за кошт фірмы. Плюс яшчэ інтэрнэт. Зарплата паўтары тысячы ўмоўных адзінак. Гэта стартавая».

Колькасьць месцаў для разьмеркаваньня пакуль застаецца невядомай.


Беларуская піянэрка з нацыянальным героем Вэнэсуэлы і кумірам Уга Чавеса Сымонам Баліварам

Беларускія спэцыялісты ўзводзяць жытло ў Вэнэсуэле. Таксама ў праекце было будаўніцтва аграгарадкоў, заводаў трактароў і грузавікоў. Хадзілі чуткі пра сакрэтныя аб’екты, якія таксама будуюць беларускія архітэктары.

Беларусы, што ўжо працуюць у гэтай паўднёваамэрыканскай краіне, называюць мясцовую крымінагенную сытуацыю «вострай». Увосень 2009 году ў Вэнэсуэле быў забіты перакладчык зь Беларусі з-за таго, што той адмовіўся аддаваць злачынцу ноўтбук. Забойцу так і не знайшлі.

Вось як апісваў жыцьцё ў Каракасе знакаміты беларускі архітэктар Уладзімір Папруга:

«Я імкнуся нікуды не выходзіць акрамя дома і працы. А летам, праўда, жыцьцё такое, што можна пайсьці ў краму за малачком — і не вярнуцца. Я жыву ў 15-павярховым доме, на 10-м паверсе. Абсалютна на ўсіх вокнах дома стаяць краты. Дом акружаны трохмэтровым бэтонным плотам, над ім — скруткі калючага дроту, да якога падведзены ток. Кругласуткава дзяжурыць узброеная аўтаматамі ахова. Уся Вэнэсуэла так жыве. Калі ў Беларусі можна прызначыць дзяўчыне спатканьне, прагуляцца пад Месяцам па вуліцах гораду, паслухаць птушак, то ў Вэнэсуэле такое выключана».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0624 seconds.