Куды ўцякаюць беларусы

Эміграцыя

У мінулым годзе каля 1 000 беларусаў захацелі атрымаць прытулак у краінах Эўрапейскага Зьвязу. І толькі кожная дзесятая просьба прытулку была задаволеная. Найбольш лагодна да ўцекачоў з нашай краіны паставіліся палякі, французы і бэльгійцы. Але беларусы амаль не заўважныя сярод тысячаў уцекачоў зь іншых краін.

Гледзячы па статыстыцы, дзеля атрыманьня прытулку беларусы едуць у Швэцыю. Менавіта ўлады гэтай краіны атрымалі ў 2010 годзе найбольшую колькасьць запытаў на статус уцекача ад грамадзян Беларусі (такіх было 345). Папулярныя ў беларусаў і Нідэрлянды (чацьвертая краіна па колькасьці пададзеных заяў на атрыманьне прытулку пасьля Швэйцарыі і Францыі).

Беларусы просяць прытулку паўсюль: ад Швэцыі да Польшчы. Але атрымліваюць яго мала дзе.

Якраз Нідэрлянды сталі той краінай, якая ў сярэднім найбольш часта станоўча адказвала на просьбу аб прытулку — тое адбылося ў 44% выпадкаў. Швэцыя рабіла тое толькі ў кожным трэцім выпадку, Бэльгія — у 22%.

Зусім ня хочуць беларусы прасіць прытулку ў Ісьляндыі, на Мальце і ў Латвіі. Сярод іншых «экзатычных краін», дзе беларусы шукалі абарону — Італія, Грэцыя і Гішпанія.

Каму надаецца статус уцекача?

Статус уцекача надаецца тым, хто з-за абгрунтаванага страху перасьледу, зьвязанага з расай, рэлігіяй, нацыянальнасьцю, прыналежнасьцю да пэўнай сацыяльнай групы або палітычнымі перакананьнямі, знаходзіцца за межамі дзяржавы, грамадзянінам якой зьяўляецца, і ня можа ці баіцца скарыстацца абаронай гэтай дзяржавы, альбо не валодае грамадзянствам адпаведнай замежнай дзяржавы, знаходзіцца за межамі дзяржавы, дзе было яго пастаяннае месца жыхарства і з-за згаданых прычын ня можа ці баіцца ў яе вярнуцца.

Праўда, толькі кожная 10 просьба беларусаў аб прытулку задавальнялася (у грамадзян Расеі кожная 5 просьба задавальнялася, у аўганцаў — амаль палова просьбаў). Вельмі часта згаджаецца даць часовы прытулак Польшча, Галяндыя і Францыя. А вось апошнім часам асабліва папулярная ў беларускіх палітычных дзеячаў Чэхія знаходзіцца ў канцы сьпісу краін, што ахвотней за ўсіх давалі ў 2010 годзе прытулак беларусам. Літвы там, дарэчы, няма ўвогуле.


Параўнаньне колькасьці грамадзянаў Беларусі, што атрымалі статус уцекача альбо часовы прытулак у ЭЗ з колькасьцю пададзеных заявак на гэты статус. Дадзеныя Эўрастат

Аўганцы і расейцы — першыя ўцекачы Эўропы

Але Беларусь — кропля ў іміграцыйным моры Эўропы. Агулам у 2010 годзе 260 тысячаў жадаючых атрымаць прытулак былі зарэгістраваныя ў ЭЗ. І тры з чатырох просьбаў аб прытулку звычайна ў Эўропе адхіляюцца.

У першую чаргу імкнуцца зьбегчы са сваіх краін аўганцы, расейцы, сэрбы ды іракцы. Напрыклад, 18 500 грамадзян Расеі захацелі застацца ў краінах ЭЗ за мінулы год. Большасьць зь іх прасілі прытулку ў Польшчы.

Найбольш папулярная краіна для атрыманьня такога прытулку — Францыя (каля паўсотні тысячаў жадаючых), Нямеччына, Швэцыя і Бэльгія. Дарэчы, суседнія зь Беларусьсю краіны ЭЗ даволі папулярныя для пошуку прытулку, асабліва ў грузінаў (кожны другі жадаючы атрымаць яго ў Літве прыехаў з Грузіі), а таксама аўганцаў (яны ў прешую чаргу імкнуцца ў Латвію).

Хто часьцей за ўсё атрымлівае прытулак у краінах ЭЗ?

Найбольш пасьпяховыя ў справе атрыманьня прытулку ЭЗ — выхадцы з Азіі і Афрыкі. Двое з трох самалійцаў і амаль палова іракцаў, што зьвярнуліся за атрыманьнем адпаведнага статусу, яго ў мінулым годзе дамагліся. Крыху менш пасьпяховымі былі аўганцы (44% пазытыўных рашэньняў) і расейцы (81% адмоў). Зусім не шанцавала сэрбам і касаварам — у іх выпадку атрымаць прытулак у ЭЗ цяпер амаль немагчыма.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0782 seconds.