«Дай дарогу!»: R-club узялі штурмам

Дай Дарогу!

У мінулую суботу менскі R-club падвергнуўся штурму з боку радыкальна-настроеных маладых людзей, частка зь якіх мела ярка-выяўленыя прыкметы панк-руху) А менавіта: рознакаляровыя іракезы на галовах ды касухі на заклёпках. Яшчэ б, у сталіцу завіталі музычныя хуліганы з Берасьця «Дай Дарогу»! Ці то Юра Стыльскі з хлопцамі ня песьцяць менскую публіку сваім зьяўленьнем, ці то сам горад-герой не адрозьніваецца гасьціннасьцю, аднак перад клюбам у гэты вечар сабралася рэкордная колькасьць народу. Па самых прыблізных ацэнках больш за тысячу. Праход у клюб нагадваў штурм Петраградзкага «Зімовага палацу» ў 1917 годзе. Частка фанатаў прабіраліся бліжэй да ўваходу верхам праз мэталічныя брамы. Ім бы яшчэ цяльняшкі і бесказыркі — дык хоць кіно здымай!) 

Дай Дарогу!

Пачатак канцэрту абазначаўся ў 19.00, а дзьверы былі ўсё яшчэ зачыненыя. Таму дружны роў «Дай дарогу!» ў сотні глотак прагрымеў даволі сымбалічна і нарэшце абудзіў ахову. Дзьверы клюба пачалі невялікімі партыямі паглынаць наведвальнікаў. На зыходзе 30-й хвіліны супрацьстаяньня зь дзьвярыма я быў літаральна занесены ў памяшканьне. Аднаго погляду ў бок гардэроба хапіла, каб зразумець, што альбо яшчэ паўгадзіны ў безнадзейнай чарзе альбо парыцца ў куртцы. Пайшоў прабівацца ў залю. Народ там акупаваў усе магчымыя і немагчымыя раўнінныя ўчасткі і ўзвышшы. Вольныя месцы засталіся хіба што на столі ды ў грымёрцы.

Дай Дарогу!

На разагрэве быў калектыў пад назвай «ЖЗЛ» («Жизнь замечательных людей»). Хаця куды ж ужо далей грэць і без таго разгарачаную прыгодамі з праходкаю ды іншымі моладзевымі барбітуратамі публіку. У адрозьненьні ад звычайных гуртоў на разагрэве, ЖЗЛ як мінімум слухаць, а галоўнае глядзець было цікава.


Хлопцы граюць разам менш за год, і па іх словах гэта ўсяго пяты ці шосты выступ, аднак выдаюць выдатнае фрык-шоў. Можа быць таму, што «…нам падабаецца і хочацца разам граць…. Нас прэ!» З задавальненьнем як-небудзь пагляджу на чувака у пампэрсе і апантанага фатографа яшчэ раз.

Дай Дарогу!

Вось чым мне падабаюцца «Дай Дарогу», дык гэта апэратыўным выхадам на сцэну. Выйшлі, падключыліся, мінімальна наладзіліся і пагналі «Мой рок-н-ролл это не секс, это не порно». Народ зароў ад захапленьня. Дачакаліся. Напаўняльнасьць залі дасягнула сваёй крытычнай адзнакі. Стваралася ўражаньне, што гэта адзін вялікі слэм, заставацца пабочным назіральнікам у якім было даволі цяжка. Ну я дык добра, а вось Юрку Сідуну давялося не салодка. Цяжкая праца фотакора)

Дай Дарогу!

Тым часам са сцэны вяшчаў Юра Стыльски: «Я ўпэўнены, што кожны з нас ляжаў у нейкай палаце!» Таго, што для самога Стыльскага нумар гэтай палаты 5, падобна, ня ведалі толькі ахоўнікі і бармэн. Аднак і тыя пры дапамозе ДД і публікі пасьпяхова гэты матэрыял засвоілі, і, падобна, сталі падшукваць сабе месца па суседзтву. Пачалося сапраўднае рок-вар’яцтва. Такога шматлікага гурта ДД я ня бачыў ніколі. Кожны прысутны мог адчуць сябе паўнавартасным удзельнікам калектыву. Бэк-вакал атрымліваўся хвацкі.

Дай Дарогу!

Дай Дарогу!

Са сцэны гучалі знакамітыя гіты «33 медали, открывайте двери департамент ФБР, по синему…». А тым часам, на руках прысутных туды-сюды праплывалі захопленыя хлопцы і дзяўчаты. «Так, мы не Рамштайн. У нас няма гумовай лодкі. Але, мабыць, хутка давядзецца набыць… », — панаракаў Стыльскі і «падрыхтаваў фанэру да агляду».

Дай Дарогу!

Шчасьлівыя і задаволеныя грамадзяне ўсіх масьцей пакідалі R-club. Усе эмоцыі засталіся там, унутры. Там, у гэтай замкнёнай прасторы, было адчуваньне нейкай свабоды, ракенрольнага сьвята. А звонку… А што звонку? Звонку ўсіх зноў сустракаў «ментобеспредел». Забароны вялікія і маленькія, пачынаючы ад «ніззя слухаць такую музыку» і сканчаючы «а хрэн вам кветкі пакласьці да помніка!» А ў мяне, у сваю чаргу, узмацнілася упэўненасьць, што хутка такіх міні-доз свабоды і сьвята стане недастаткова. І хто ведае, можа жалезныя брамы R-club зьменяцца якімі-небудзь іншымі?

Глядзіце таксама вялікі фотарэпартаж з канцэрту «Дай Дарогу!» у R-club

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.