«3 хвіліны» ад гурта Re1ikt (відэа)
Новая песьня гурта «3 хвіліны» прысьвячаецца ўсім, каму даводзілася пакідаць родны горад. Хлопцы з Re1ikt рабілі гэта ня раз: гурт распачынаў сваю дзейнасьць у Сьветлагорску, пасьля частка яго ўдзельнікаў зьехала ў Гомель, а 2 гады таму творчы пошук прывёў музыкаў у Менск.
Такім жа розным і пераменлівым, як жыцьцёвы шлях удзельнікаў, выглядае і творчы лёс гурта. Апошнім часам Re1ikt узяў курс на беларусізацыю і цяпер працуе над цалкам беларускамоўным альбомам, у які і ўвойдзе новая песьня. Павольная і лірычная, яна атрымалася ня надта тыповай у параўнаньні зь іншымі творамі Re1ikt, але музыкі мяркуюць, што «3 хвіліны» маюць шанец зрабіцца сапраўдным гітом, хаця спачатку плянавалася як бонус.
Над відэа працавала Кацярына Крычко, рэжысёр дзіцячых ролікаў, відэакліпаў беларускіх музыкаў Deadmarsh, Kaltherzig, удзельнік фэстывалю «В движении».