Брытанцы скарачаюць колькасьць замежных студэнтаў у ВНУ

Брытанскі ўрад зробіць больш жорсткімі правілы навучаньня замежнікаў ва ўнівэрсытэтах краіны. Колькасьць студэнтаў, якія ня маюць грамадзянства ЭЗ, будзе абмежаваная на чвэрць, няісныя коледжы зачыняць, а правілы жыцьця ў краіне пасьля сканчэньня адукацыі чарговы раз узмацняць.


Замежнікі замест брытанскіх паедуць вучыцца ў беларускія ВНУ? Фота Guardian

Брытанскі ўрад абвясьціў аб новых правілах навучаньня ў краіне студэнтаў, якія ня маюць грамадзянства адной з краін Эўрапейскага Зьвязу. Гэта рэформа — частка агульнай эміграцыйнай палітыкі кансэрватыўнага ўраду, што накіраваная на скарачэньне агульнай колькасьці неэўрапейскіх мігрантаў на 20%, піша Guardian.

Цяпер на тое, каб атрымаць брытанскую студэнцкую візу, змогуць разьлічваць на 80 тысячаў чалавек альбо на 25% меней, чым раней. Але перад тым, як ехаць вучыцца ў Вялікабрытанію, прыйдзецца здаваць абавязковы іспыт па ангельскай мове. У краіну ня пусьцяць тых, хто ня здольны камунікаваць «без перакладчыка».

Замежныя студэнты таксама будуць абмежаваныя ў праве на працу. Працаваць змогуць толькі тыя, хто слухае ўнівэрсытэцкія курсы, а таксама падвышае кваліфікацыю ў фінансуемых дзяржавай ВНУ. Але ня болей за 20 гадзінаў у тыдзень. Тыя, хто стажыруецца ў Брытаніі, будуць працаваць не 50% часу, як зараз, а толькі траціну.

Схема, якая дазваляе выпускнікам на працягу 2 гадоў шукаць працу, перастае дзейнічаць. Цяпер у Вялікабрытаніі змогуць застацца толькі тыя, хто атрымае запрашэньне ад працадаўцы-спонсара. А прывозіць у краіну сваякоў змогуць толькі асьпіранты, а ня кожны доўгатэрміновы студэнт, як цяпер.

Галоўная мэта новых абмежаваньняў — спыніць выкарыстаньне студэнцкіх візаў як нагоды для пераезду ў Брытанію. Таму ўрад плянуе праліцэнзаваць усе ВНУ, што запрашаюць на навучаньне замежнікаў. Брытанцы кажуць, што не зьбіраюцца адмаўляцца ад навучаньня замежных студэнтаў, але хочуць прымаць «толькі самых таленавітых».

Паводле дадзеных Эўрастату, у 2009 годзе 187 беларусаў атрымалі дазвол на доўгатэрміновае навучаньне ў Вялікабрытаніі. У 2008 такіх было болей за 300.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0667 seconds.