Postcrossing: беларусаў захапіў новы сусьветны рух

«Беларусь накрыла вялікая хваля чумы. Не, гэта не свінячы грып і атыпічная пнэўманія, — лічыць Зьміцер Суліменка. — Чума мае назву «Postcrossing». Як доказ — 24-е месца Беларусі па ступені ўцягнутасьці ў рух посткросынгу. Пра асаблівасьці гэтага фэномэну — у артыкуле Зьмітра.

Як я захварэў на посткросынг

Усё пачалося з таго, што мне сталі кідацца ў вочы цікавыя паштоўкі, якія прыходзілі да жыхароў майго студэнцкага інтэрнату. Спачатку я падумаў, што іх дасылаюць сябры з розных краін, ці можа, нават сваякі. А потым, калі я пабачыў адну з такіх паштовак у суседа па блёку, я ня вытрымаў і запытаўся ў яго: «Адкуль у цябе столькі знаёмых з-за мяжы?».

Высьветлілася, што сябар ужо паўгода як уцягнуты ў рух «посткросынгу» — магчымасьці абменьвацца паштоўкамі зь людзьмі па ўсім сьвеце. Для таго, каб далучыцца да гэтага праекту, дастаткова зарэгістравацца на адпаведным сайце. Калі ты дасылаеш адну картку, то ўзамен атрымліваеш іншую ад другога карыстальніка. Кожная паштоўка рэгіструецца на сайце, дзе карыстальнік можа ўбачыць, адкуль і калі яна была дасланая. Для адпраўкі незнаёмаму чалавеку прысвойваецца ўнікальны ID нумар, які адпраўнік павінен абавязкова пазначыць на паштоўцы. Менавіта гэты нумар атрымальнік і рэгіструе на сайце.

Гісторыя хваробы 

Заснавальнікам руху стаў Паўль Магалхалес, студэнт з Партугаліі. Паўль забаўляўся тым, што атрымліваў і дасылаў паштоўкі сябрам з розных краін сьвету. І чым у большую колькасьць выпадковых месцаў ён адсылаў тыя паштоўкі, тым было яму весялей. Адзіная праблема палягала ў тым, што Паўлю трэба было аб’яднаць усіх гэтых людзей.

І вось 14 ліпеня 2005 года ён запусьціў уласны сайт. Кола посткросераў імкліва пашыралася, акрамя абмену карткамі пачалі зьяўляцца сябры, новыя моўныя ўрокі і нават сем’і! Праз тры гады сайт адзначыў першы мільённы абмен паштоўкамі, гэта перавысіла ўсе чаканьні. У сярэдзіне 2010 году быў зарэгістраваны 5-мільённы абмен. Так посткросынг захапіў сьвет. На першых месцах сярод карыстальнікаў знаходзяцца Фінляндыя, ЗША і Нямеччына. Беларусь займае 24 месца.

Ужо паўгода як я займаюся посткросынгам. За гэты час атрымаў паштоўкі з Тайваня, ЗША, Партугаліі, Чэхіі, Нідэрляндаў і іншых краін. Кожная паштоўка — непаўторная. Хтосьці дасылае мне паштоўку з выявай роднага гораду, некаторыя з выявай прыроды роднага краю, а аднойчы мне даслалі паштоўку з пончыкам. Сьпіс можна працягваць вельмі доўга, варта толькі самому заняцца гэтым.

Што для Вас посткросынг?

Студэнт 2 курса Павал Ефімовіч: «Посткросынг для мяне — гэта той ланцужок, які яб’ядноўвае зь людзьмі з розных куткоў сьвету. Да таго ж гэта добрая магчымасьць папрактыкавацца ў сваёй ангельскай». 

Студэнт 4 курса Віталь Быль: «Гэты праект дае магчымасьць, як той казаў, „і людзей паглядзець, і сябе паказаць“. Неперадавальнае адчуваньне — трымаць у руках кавалачак далёкага жыцьця з супрацьлеглага боку плянэты! А паштовая скрыня штодня можа дарыць новы сюрпрыз».

Асцярожна! Зараза вельмі хутка перадаецца!

Дарэчы, у студзені 2009 на Generation.by ужо быў артыкул пра Postcrossing — тады Беларусь займала 32-е месца па колькасьці дасланых паштовак, а першае месца ўсё так жа трымалі фіны.
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.