Адлічаны з БНТУ студэнт атрымаў адказ з унівэрсытэту

Алесь Крот, былы студэнт 2-га курсу будаўнічага факультэту БНТУ, нязгодны са сваім адлічэньнем па выніках зімовай сэсіі, атрымаў адказ на свой зварот з ВНУ. Унівэрсытэт не палічыў даведку аб хваробе паважнай прычынай для пропускаў. Маўляў, у гэты час студэнт здаў іншыя прадметы, таму быў у стане здаваць усё.

Кіраўніцтва ўнівэрсытэта па-ранейшаму лічыць свае дзеяньні законнымі і не пагадзілася з прыведзенымі фактамі несправядлівасьці. Адказ падпісаны прарэктарам па вучэбнай, выхаваўчай, аналітычнай і інфармацыйная рабоце Рыгорам Лаўшэнкам.

Алесь Крот
Алесь Крот

Учора Алесь Крот зноўку наведаў свой унівэрсытэт у спробе паразмаўляць з рэктарам асабіста.

«Я паспрабаваў запісацца на прыём да рэктара, але мне адмовілі, матываваўшы гэты тым, што рэктар прымае толькі пасьля размовы з прарэктарам. Хаця адказ на мой зварот ужо быў падпісаны прарэктарам. Ён зараз хварэе, і сустрэцца зь ім таксама не атрымалася», — распавядае Алесь.

Пасьля размовы ўжо зь іншым прарэктарам Алегам Гусевым, студэнт зноў паспрабаваў трапіць да рэктара і зноўку безвынікова. На што Алесь Крот зрапіў допіс у кнізе водгукаў і прапановаў.

«Я не разумею, як мне цяпер сустрэцца з рэктарам? Мне падаецца, што мяне проста дураць і „адфутбольваюць“, — сьцьвярджае Алесь. — Я лічу, што праўда на маім баку, і зьбіраюся адстойваць свае правы любымі законнымі сродкамі. У бліжэйшы час разам зь юрыстамі аформім і пададзім скаргу ў Міністэрства адукацыі на дзеяньні кіраўніцтва БНТУ, а таксама будзем рыхтаваць пазоў у суд. Але ў любы момант я гатовы размаўляць і дамаўляцца з кіраўніцтвам БНТУ, каб вырашыць сытуацыю „палюбоўна“».

Алесь Крот зьяўляецца актывістам прафсаюзнай групы «Студэнцкая Рада» Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасьці. Быў адлічаны 16.02.2011 г. з 2-га курса завочнага аддзяленьня будаўнічага факультэта БНТУ за «акадэмічную непасьпяховасьць». Даведку аб хваробе ва ўнівэрсытэце палічылі недастаткова паважнай прычынай, а тыдзень на пераздачу дастатковым тэрмінам разьлічыцца з «хвастамі». Аднак студэнт кажа, што пра індывідуальныя тэрміны пераздачы яму не паведамілі. Пасьля працяглага высьвятленьня абставін свайго выключэньня і размоў з адміністрацыяй факультэта і рэктаратам, Алесь вырашыў напісаць ліст са сваім бачаньнем сытуацыі. А цяпер рыхтуе скаргу ў Міністэрства адукацыі і рыхтуе пазоў у суд.

Уні Вера 12:00, 10/03/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1152 seconds.