Студэнта пазбавілі баскетболу за дашлюбны сэкс

Зорка студэнцкай баскетбольнай каманды застаўся бяз гульняў з-за сэксу да шлюбу. Студэнт стаў ахвяраў жорсткіх маральных нормаў паўднёвага амэрыканскага ўнівэрсытэту.

Студэнт быў выключаны зь вядомай унівэрсытэцкай баскетбольнай каманды за тое, што займаўся сэксам са сваёй сяброўкай у парушэньне прынятых у ВНУ маральных нормаў. Аб гэтым піша BBC.

Унівэрсытэт BYU у амэрыканскім штаце Юта вядомы сваім Кодэксам гонару. Сярод іншага, кодэкс патрабуе ад студэнтаў «цноты і прыстойнасьці». Унівэрсытэтам апякуюцца прыхільнікі мармонскай царквы. Таму ўсе студэнты абавязаныя выконваць маральныя нормы, якіх прытрымліваюцца мармоны.

Таму юцкім навучэнцам забаронена спажываньне алькаголю, наркотыкаў, гарбаты і кавы, а таксама паленьне і дашлюбны сэкс. Студэнты абавязаныя наведваць царкву.

Гісторыя выключэньня гульца з каманды разьнеслася ў амэрыканскай прэсе напярэдадні прэстыжнага студэнцкага турніру, які часта завуць «сакавіцкім вар’яцтвам». Былы баскетбаліст быў якраз адным зь вядучых гульцоў у камандзе, якая мела нядрэнныя шанцы на перамогу. У выніку на апошняй сустрэчы каманда саступіла аўтсайдэру спаборніцтваў.

Унівэрсытэцкая адміністрацыя была вымушаная абараняць сваё рашэньне. Па словах яе прадстаўніка, кодэкс добра вядомы студэнтам, і нярэдка менавіта з-за яго яны абіраюць гэту ВНУ.

«Мы гэтым жывем. Мы такія», — пракамэнтаваў падзеі кіраўнік спартовай катэдры ўнівэрсытэту.

Паведамляецца, што гулец папрасіў прабачэньня ў сяброў каманды.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0634 seconds.