Масьленіца на літоўскі капыл: спаленая Мара і 90 см бліноў

Апранутая ў традыцыйную жамойцкую сьвяточную хустку і клятчастую спадніцу, усьмешлівая жанчына нетаропка водзіць па патэльні кавалкам тлушчу, рыхтуючы яе да чарговай порцыі «сонечнай» сумесі, зь якой раз у пяць хвілін паўстае вялізны духмяны блін: галоўны пачастунак сьвята масьленіцы ў этнаграфічным музэі недалёка ад літоўскага Коўна.

На галоўнай плошчы аднаго з найцікавейшых сэктараў музэю, старога гораду, на ўласную порцыю бясплатнага бліна чакае доўгая чарга. Але жанчына не сьпяшаецца рабіць сваю працу: яна заводзіць яшчэ адну народную песьню, якую адразу ж падхоплівае нейкая дзяўчына ў чарзе. Рухі некаторых блінных «чаргавікоў» пачынаюць нагадваць танец: 5-градусны мароз у спалучэньні з моцным ветрам з Балтыкі прымушае грэцца любымі мэтадамі.

Але засмучаных твараў ня бачна: грэцца ў такой кампаніі, слухаючы матывы, якія прыйшлі з часоў, калі масьленіца была цалкам паганскім сьвятам, справа прыемная і нават карысная. Асабліва ў тым выпадку, калі ў чаканьні сваёй порцыі смачнай гарбаты можна мімаходам грэцца ля вялізнага чану зь дзесяткамі літраў гарачага піва, паўгадзіны пароў якога, падаецца, дастаткова для атрыманьня належнай порцыі «абаротаў».

Такіх пляцовак з разнастайнай традыцыйнай ежай і пітвом, бясплатнай і камэрцыйнай, з таварамі, народнымі гульнямі, танцамі і конкурсамі ў музэі «Румшышкес» вобмаль. Але абысьці іх хутчэй, чым за тры-чатыры гадзіны, уяўляецца малаверагодным. Музэй народнага быту «Румшышкес» мае тую ж самую канцэпцыю, як і Строчыцы пад Менскам, але яго 170 гектараў плошчы і 140 традыцыйных літоўскіх будынкаў з чатырох галоўных краёў дзяржавы значна перавышаюць адпаведныя «строчынскія» лічбы.

Створаны «Румшышкес» 36 гадоў таму недалёка ад Коўна. І ўжо 30 гадоў гэта галоўнае месца ў Літве для сьвяткаваньня масьленіцы, якую тут завуць ужгавенес, што можна расшыфраваць як «падрыхтоўка да гавеньня», то бок Вялікага пасту, што пачынаецца на наступны дзень пасьля масьленіцы і доўжыцца да самога Вялікадня.

Цяжка сказаць, чаго ў літоўскім ужгавенесе болей: паганскай барацьбы зімы і вясны, добрых і злых пачвараў у драўляных масках і зь цяпер ужо плястмасавымі мётламі ці хрысьціянскага імкненьня да стрыманьня адразу ж пасьля заканцэчньня масьленіцы. Зрэшты, тое мала каго турбуе: галоўнае — атмасфэра сьвята і вера ў непазьбежны прыход самі ведаеце чаго. Падмацоўваецца яна 90-санцымэтровым стосам бліноў, сьпечаным на адной зь пляцовак фэсту, і візуалізацыяй перамогі здаровага ладу жыцьця.

Сотні наведвальнікаў сьвята, многія прыехалі ў музэй зь сем’ямі ці парачкамі, сьцягваюцца да вялізнага засьнежанага прылеску, на іншым баку якога ўзвышаецца грандыёзная 14-мэтровая саламяная скульптура багіні Мары. Яе лёс незайздросны: як галоўную віноўніцу зімовых халадоў тэатралізаваны масьленічны суд пры пахвальных крыках натоўпу пастанаўляе Мару спаліць. Сьвяточным фэервэркам і, уласна, падпалу, папярэднічае безнадзейная бітва двух герояў: «тоўстага» і «тонкага» — ужо зь серады пачынаецца Вялікі пост. Але бліноў яшчэ вобмаль.

Глядзіце болей здымкаў зь літоўскай масьленіцы ў фотаблогу

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0605 seconds.