«АукцЫон». Менск. Не прадаецца!

Канцэрты — яны як алькаголь. Бываюць як піва — раз павесяліўся і ўсё адышло, ці як гарэлка — спачатку чад і весялуха, а з ранку «млявасьць і абыякавасьць да жыцьця», бываюць канцэрты, як добрае віно ці каньяк — сапраўдны густ праяўляецца толькі праз некаторы час, ці як абсэнт — сюр, абсурд і сапраўднасьць несапраўднага. Менавіта такім быў канцэрт піцерскага гурта «АукцЫон», што адбыўся 4 сакавіка ў Менску.

Аукцыон

Візыт «АукцЫону» рэклямай і розным мерчам пазыцыянаваўся як сьвяткаванье 50-годьдзя непаўторнага Алега Гаркушы (гэта той, каго часам лічаць вакалістам гурта, а пасьля не разумеюць, чаму сьпявае збольшага ня ён, а нейкі Леанід Фёдараў). Насамрэч, для такіх людзей, такіх артыстаў, як «АукцЫон» увогуле ці Гаркуша ў прыватнасьці, усе гэтыя фармальнасьці і «юбілеі» ня болей чым пусты гук. Гэта падстава для спонсараў і прамоўтараў прывезьці добры гурт. А мы ж толькі за!

Гурт «АукцЫон» паўстаў у 1983 годзе, стаяў ля вытокаў ленінградзкага рок-клюбу, і трэба прызнаць, што тады, што зараз ён вылучаўся з ўсяго, што называюць жудасным спалучэньнем «рускі рок». Мо, таму, што менавіта року ў «АукцЫону» з гулькін нос, грунт творчасьці калектыву — імправізацыя, але кінем спробы апісаць словамі іх музыку, «АукцЫон» трэба слухаць і бачыць. Пэўна з-за візуальна-вэрбальнай існасьці гурта яго адным зь першых яшчэ пры саўку пачалі запрашаць у розныя там францыі, амэрыкі і германіі, дзе яны ў прамым і ў пераносным сэнсах паказалі сьвету мужчынскую савецкую дупу (быў у іх такі элемэнт шоў). Але, ня гледзячы на ўвесь гэты эпатаж, галоўнай каштоўнасьцю гурта ўсё ж была і застаецца абсалютна «свая» музыка. За якую яе любіць ужо некалькі пакаленьняў.

Аукцыон

Натоўп ля ўваходу ў клюб трохі расчараваў сваімі памерамі, але ўжо непасрэдна за шклянымі дзьвярыма ўсё выглядала роўна наадварот — яблыку да падлогі адназначна не даляцець! Поўна заля. Публіка, што прыемна, узросту каля трыццатніку «плюс-мінус» і болей, нават п'яненькія і ветлівыя хіпсьцеры ўзросту паменей, але прыемна, што яны «ў тэме». Прыемна, што сапраўднае мастацтва яшчэ і посьпехам карыстаецца.

Карэспандэнт Generation.by заўважыў на канцэрце практычна ўвесь колер беларускага року: ад музыкаў праекта Лявона Вольскага да Юры Навумава зь «Дзюбялей». Выснова: усе любяць «АукцЫон», таму беларускі рок такі і ахраненна незямны, дурны і таленавіты!

Аукцыон

А на сцэне ў цемры ўжо проста бабахаў нейкі вавілонскі джаз, нястрымана гучны, маршападобны. Алег Гаркуша сьпяваў (?), што жыве пад каўпаком! Ногі адразу так і замерлі на месцы і так практычна ўвесь канцэрт. «АукцЫон» сэт-ліст склаў так, як склаў бы яго менавіта «АукцЫон» — шмат фры-джазавых імправізацый і псыхадэліі. Кожная другая песьня расьцягвалася на хвілінаў 10 з-за гэтых шаманскіх накатаў то гітары Фёдарава, то сола духавых, то вершаў Алега Гаркушы. Песьні (?) «АукцЫону» не падобныя ні на што, без прыўкрас, абсалютна ўнікальная і складаная музыка. МУ-ЗЫ-КА! Было цяжка пад час канцэрту сфармаваць меркаваньне «падабаецца — не падабаецца». «АукцЫон» жыўцом — гэта ж абсэнт, ён не адразу дае вынік, тут трэба пачакаць. Я, напрыклад, чакаў зусім іншых твораў, ну, раскручаных, з альбомаў «Птица», «Жопа» і «Бодун», а гралася нешта ну зусім элітарнае і амаль мудрагелістае…І праз некалькі дзён аказалася, што так яно і трэба. «Послевкусие».

На сцэне было 7 чалавек, невялічкі аркестрык, мясцовыя гукарэжысэры такія калектывы, як падалося, не зусім умеюць адладжваць — бубны былі, ну, недзе зусім далёка, па-за межамі клюбу, па-за межамі ўсяго існага. «АукцЫон» грае вельмі прафэсійна, таму, калі гук бубноў увогуле «ўлятаў», гэта практычна не адчувалася і заля скакала ўсё роўна, а некаторыя нават мычалі, пэўна, тут спрацоўвала нейкае жывёльнае пачуцьцё еднасьці і рытму музыкаў і аматараў.

Аукцыон

Без «разагрэву» «АукцЫон» адыграў амаль тры (!) гадзіны. Шмат бісаў і неспадзяванак. Што тут сказаць? Кожнаму б з нас такіх рухаў у будучыя калісьці 50 гадоў, як у юбіляра Алега Гаркушы! Я, вось, напрыклад, пад час канцэрту ўвесь час уяўляў, як мой начальнік на працы ў свае 50 паводзіў бы сябе так, як Гаркуша на сцэне…стала вельмі сьмешна. Потым стала сумна, што ніколі такога ні з начальнікам, ні з большасьцю людзей не адбудзецца…

Дарэчы, яшчэ ў кагосьці з гурта таксама ў гэты дзень была днюха, таму і яго ўсёй заляй віншавалі. Нам не шкада добрым людзям прыемна зрабіць!

Аукцыон

Прачытаў: калісьці музыкі «АукцЫон» трапна заявілі, што ўвесь час існаваньня (а гурту практычна ўжо амаль 30 год!) яны змагаліся супраць таго, каб «АукцЫон» патрапіў на радыё. У іх гэтае атрымалася, і гэта здорава, бо калі «АукцЫон» загучуць па радыё, гэта будзе значыць толькі дрэннае, адно з двух:

  • Радыё стала нармалёвым, а такое магчыма ў нас толькі ў турботным атачэньні санітараў.
  • «АукцЫон» скурвіўся і спапсеў да радыёфармату.

Аукцыон

Ды й правільна! Няма ім чаго рабіць на тым радыё. Радыё іх такіх ня прыме. Таму радыё — радыява і радыялягічнага радыя, а нам маладым, сьвежым і чыстым — «АукцЫон» зь яго свабодай і абсурдам, падобным да абсэнту! Таму пі з намі, братка, за тых, хто «ў тэме», за тых, каго няма на радыё!

Глядзіце таксама вялікі фотарэпартаж з канцэрту: АукцЫон адсьвяткаваў 50-годзьдзе Гаркушы ў «Рэактары»

Buzzika 08:20, 07/03/2011 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3981 seconds.