Шчасьлівае дзяцінства гарантуе шчасьлівую сталасьць

Брытанскія дасьледчыкі выявілі наўпроставую сувязь паміж шчасьлівым дзяцінствам і дабрабытам, а таксама посьпехам у шлюбе ў дарослым жыцьці.


Даўно вядома пра тое, што «праблемнае» дзяцінства можа ў далейшым жыцьці несьці псыхалягічныя праблемы, але ў навукоўцаў дагэтуль было вельмі мала інфармацыі аб адбіцьці дзяцінства «шчасьлівага» на далейшым лёсе чалавека. І вось такія дадзеныя зьявіліся ў навукоўцаў зь Кембрыджскага ўнівэрсытэту.

Як піша ScienceDaily, дасьледчыкі прааналізавалі інфармацыю аб 2.7 тысячы брытанцаў пачынаючы з 1946 году, каб выявіць сувязі паміж шчасьлівым дзяцінствам і посьпехам ў сталасьці. Узровень шчасьця ў дзяцей ад 13 да 15 гадоў вызначаўся праз водгукі іх выкладчыкаў аб энэргічнасьці, задаволенасьці і сяброўскіх здольнасьцях школьнікаў. Важнай была таксама адзнака настаўнікаў паводле такіх характарыстыкаў, як «надзвычай энэргічны і ніколі не стамляецца» ці «вельмі папулярны ў іншых дзяцей».

Усе гэтыя паказчыкі навукоўцы зьвязалі з псыхічным здароўем, досьведам працы, адносінамі і сацыяльнай актыўнасьцю былых школьнікаў празь некалькі дзесяцігодзьдзяў пасьля пачатку дасьледаваньня.

У выніку высьветлілася, што тыя, каго настаўнікі ахарактарызавалі пазытыўна, значна часьцей мелі посьпех у наступнай жыцьці чым тыя, хто не заслужыў станоўчых адзнак. Пад посьпехам дасьледчыкі разумеюць задавальненьне ад працы, частыя кантакты зь сям’ёй і сябрамі, рэгулярныя забавы ў вольны час.

У шчасьлівых дзяцей на 60% радзей, чым у іншых у наступным жыцьці зьяўляліся псыхічныя праблемы. Аднак у сямейным жыцьці «шчасьліўчыкам» шанцавала менш: яны ня толькі радзей жаніліся, але і часьцей разводзіліся. На думку дасьледчыкаў, шчасьлівыя людзі звычайна валодаюць вялікім пачуцьцём уласнай годнасьці, а таму ахвотней за іншых расстаюцца з жонкамі ў выпадку няўдалага шлюбу.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.06 seconds.