Лепшы беларускі альбом 2010: «Дзецідзяцей» ці Neuro Dubel?

1 сакавіка на ўзнагародах Experty.by будуць названыя лепшыя беларускія альбомы 2010 па меркаваньні беларускіх і замежных крытыкаў. Фаварыты ўзнагарод — альбомы гуртоў «Дзецідзяцей» і Neuro Dubel. А вось поп-альбомаў сярод пераможцаў ужо дакладна ня будзе — нават намінацыя «Лепшы поп-альбом» адменена за адсутнасьцю ў мінуўшым годзе якасных дыскаў гэтага напрамку.

Узнагароды зьяўляюцца працягам аднайменнага інтэрнэт-праекту, у межах якога беларускія запісы рэцэнзуюць і ацэньваюць вядучыя айчынныя музычныя крытыкі. Яны разгледзелі 44 новыя альбомы, якія былі выдадзены цягам 2010 году. На цырымоніі будуць названыя лепшыя альбомы году па чатырох незалежных вэрсіях.

Барацьба за тытул лепшага альбома году па вэрсіі штатных экспэртаў сайта (З.Безкаравайны, С.Будкін, А.Клімаў, З.Падбярэзскі) разгорнецца паміж дыскам «Рух» гурта «Дзецідзяцей» і дыскам «Афтары праўды» гурта Neuro Dubel. Менавіта яны былі вызнаныя штатнымі аўтарамі лепшымі па выніках першага і другога паўгодзьдзя 2010 адпаведна.

Альбомы «Дзецідзяцей» і Neuro Dubel таксама лідыруюць у намінацыі «Прыз вялікага журы», лёс якога вырашаюць 12 беларускіх крытыкаў, сярод якіх музычная аглядальніца «БелГазеты» Тацьцяна Заміроўская, культуроляг Максім Жбанкоў, вядомы беларускі FM-спэцыяліст Віталь Драздоў (прадусар «Хіт FM Украіна», «Радыё Рокс Украіна» і «Рускага Радыё Украіна») і вядомы тэлерэжысэр Анатоль Вечар.

Традыцыйна будзе названы лепшы альбом году па меркаваньні замежных экспэртаў з краін, зь якімі мяжуе Беларусь. У гэтым годзе беларускія запісы слухалі і ацэньвалі Дзяніс Баярынаў (Openspace.ru, Расія), Роберт Санковскі (Gazeta Wyborcza, Польшча), Ёнас Ошкініс (Ore.lt, Літва), Дацэ Волфа (Muzikas Saule, Латвія), Макс Віхаць (@music, Украіна).

Акрамя гэтага ў намінацыі «Прыз народных экспэртаў» будзе ўзнагароджаны альбом, які атрымаў самыя высокія адзнакі ад чытачоў сайта, а таксама названыя пераможцы ў намінацыях «Лепшы дэбютны альбом», «Лепшы рок-альбом», «Лепшы фолк-альбом», «Лепшы беларускамоўны альбом» і «Лепшы рэкард-лэйбл».

«Галоўным адрозьненьнем узнагарод ад мінулых гадоў стане адсутнасьць намінацыі „Лепшы поп-альбом“, таму што ў 2010 годзе не было аніводнага беларускага поп-дыска, які атрымаў ад крытыкаў хаця б 6 балаў па 10-бальнай сыстэме. На мой погляд, гэта красамоўна сьведчыць пра творчы стан сёньняшняй беларускай поп-сцэны», — лічыць кіраўнік праекта Experty.by Зьміцер Безкаравайны.


На прэміі Experty.by мінулага году фаварытам стаў гурт The Toobes, які перамог адразу ў чатырох намінацыях. Тады ж адбыўся і інцыдэнт зь "неразуменьнем музыкамі беларускай мовы", які стаў галоўнай тэмай для размоваў ня толькі на музычных сайтах байнэту.

Па выніках 2009 лепшым беларускім альбомам па вэрсіях штатных экспэртаў і вялікага журы быў прызнаны дыск гурта The Toobes «Hello». «Прыз замежных экспэртаў» атрымаў альбом гурта Port Mone «Dip», «Прыз народных экспэртаў» — альбом «ViaVanilla» гурта Cherryvata.

Сьпісы лепшых рэлізаў 2010 па паўгодзьдзях і іх праслухоўваньне дасяжныя на сайце Experty.by. Цырымонія ўручэньня ўзнагародаў адбудзецца ў фармаце зачыненага прэс-мерапрыемства.

13:00, 21/02/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0583 seconds.